Зоры зараз свяцiлi зырка, ён выразна бачыў дэльфiна i ўсадзiў лязо нажа ў ягоную галаву, а пасля выцягнуў дэльфiна з-пад кармы. Прыцiснуўшы адной нагой рыбу, не марудзячы, ён разрэзаў яе ад задняга праходу аж да кончыка нiжняй скiвiцы. Потым адклаў нож i трыбушыў рыбу правай рукой, дачыста выбiраючы вантробы i вырываючы шчэлепы. Ён адчуў, што трымае ў руках цяжкi i слiзкi страўнiк, i расцяў яго. Унутры былi дзве лятучыя рыбы, свежыя i цвёрдыя. Ён паклаў iх побачкi, а трыбухi ды шчэлепы кiнуў за карму. Яны патаналi, пакiдаючы ў вадзе святлiсты след. Рыба была халодная, струплявата-шэра-белая ў зорным святле, i стары чалавек аблупiў адзiн бок, прытрымлiваючы правай нагой рыбiну галаву. Пасля перавярнуў рыбу i зняў скуру з другога боку, ды адрэзаў мяса з абодвух: ад галавы ажно да хваста.

Ён кiнуў шкiлет за борт i паглядзеў, цi хоць трохi не закруцiцца вада. Але ўбачыў толькi святло, запаленае яго павольным апусканнем. Тады ён павярнуўся i ўладкаваў дзвюх лятучых рыб усярэдзiне двух рыбных фiле, а пасля, паклаўшы нож назад у похву, памалу дабiраўся назад на нос. Яго спiна была сагнутая ад цяжару шнура ўпоперак яе, а ў правай руцэ ён нёс рыбу.

Там, на носе, ён расклаў на дне лодкi два рыбных фiле i побач - лятучых рыб. Тады перасунуў шнур на плячах на новае месца i зноўку трымаў левай рукой, упiраючыся ў планшыр. Пасля ён перагнуўся цераз борт i памыў лятучую рыбу ў вадзе, назiраючы, з якой хуткасцю вада абцякае руку. Ягоная рука свяцiлася, ён жа чысцiў рыбу. Струмень быў не гэткi моцны, i калi ён выцiраў рабро далонi аб дошкi, часцiнкi фосфару павольна плылi да кармы.

- Ён стомлены або адпачывае, - сказаў стары чалавек. - А зараз я мушу спажыць пасiлак з гэтага дэльфiна, перадыхнуць i трошкi паспаць.

Пад зорамi ўсё больш i больш халоднай начы стары чалавек з'еў палавiнку рыбнага фiле i лятучую рыбу (папярэдне ён растрыбушыў яе i адрэзаў ёй галаву).



42 из 71