
- Якая выдатная ежа - вараны або смажаны дэльфiн, - сказаў ён. - I якi ён агiдны сыры. Я нiколi болей не выйду ў лодцы, не ўзяўшы лаймаў або солi.
"Калi б у мяне былi мазгi, я ўвесь дзень плюхаў бы ваду на нос чаўна, i, высыхаючы, яна б ператварылася ў соль, - падумаў ён. - Але ж я зачапiў на кручок дэльфiна амаль на заходзе сонца. I ўсё ж слабавата рыхтаваўся. Аднак я грунтоўна ўсё перажаваў, i на ванiты не цягне".
Неба зацягвалася хмарамi, што плылi на ўсход, i адна за адной зоркi, якiя ён ведаў, знiкалi. Здавалася, што ён завiтае ў вялiзны каньён хмар. Вецер сцiх.
- Тут будзе кепскае надвор'е праз тры цi чатыры днi, - сказаў ён. - Але не сёння ўночы i не заўтра. Шыкуйся зараз да свайго сну, старэча, пакуль рыба паводзiць сябе спакойна.
Учэпiста трымаючы шнур у правай руцэ, ён прыцiснуў яе клубом, налёгшы ўсёй сваёй вагой на борт носа. Пасля ён спусцiў шнур на плячах трохi нiжэй i ўхапiўся за яго левай рукой.
"Мая правая рука можа трымаць яго датуль, пакуль ён прыцiснуты, - падумаў стары чалавек. - Калi шнур аслабне ў сне, левая абудзiць мяне, як той пачне выпаўзаць. Цяжкавата будзе правай руцэ. Але ён звычны да пакаранняў*. Нават калi я пасплю хвiлiн дваццаць або паўгадзiны, будзе няблага".
* Стары чалавек, персанiфiкуючы i сваю правую руку, ужывае ў стасунку да яе мужчынскi род.
Так ён ляжаў, зацiскаючы сабою, усiм целам сваiм шнур, перакладаючы ўсю сваю вагу на правую руку, i ўрэшце заснуў.
Стары чалавек снiў не iльвоў, а вялiзны касяк марскiх свiней, што расцягнуўся на восем цi дзесяць мiляў, i гэта было ў час iхняга спароўвання, i яны скакалi высока ў паветра ды вярталiся ў тую ж яму, якую яны, скачучы, утваралi ў вадзе.
Потым яму снiлася, што ён у вёсцы на сваiм ложку, i што дзьме "паўночнiк"*, яму дужа сцюдзёна, а левая рука здранцвела, бо галава ягоная спачывае на ёй замест падушкi.
* Моцны паўночны вецер.
Пасля гэтага прыснiўся яму доўгi жоўты бераг, i ён убачыў, як шарай гадзiнай першы леў ступiў на бераг, а пасля прыйшлi другiя львы, i ён, успёршы падбародак на борт, на носе карабля, што стаяў на якары пад павевам берагавога брызу, чакаў з'яўлення новых львоў i быў шчаслiвы.
