Месяц ужо даўно ўзышоў, але стары чалавек спаў сабе, i рыба рупна цягнула лодку, i тая кiравалася ў тунэль, збудаваны з хмар.

Ён прачнуўся ад удару ў твар кулаком уласнай правай рукi. Апякаючы яе, шнур iрваўся ўнiз, у мора. Стары чалавек зусiм не чуў левай рукi i як толькi мог тармазiў правай, але шнур з iмклiвасцю раскручваўся. Урэшце левая рука намацала шнур, i ён прыцiснуўся да яго спiнай, хоць шнур апальваў яе i руку, што прыняла на сябе ўсю напругу, i балюча рэзаў яе. Ён азiрнуўся на запасныя маткi: яны падавалi шнур са спорнасцю канвеера. Якраз тады рыба скочыла з вады, як быццам выбухнула ў акiяне, а пасля цяжка ўпала. Потым яна скакала зноў i зноў, але лодка iшла хутка, хоць шнур усё размотваўся, i стары чалавек напiнаў яго аж да небяспечнай напругi, напiнаў яшчэ i яшчэ раз. Урэшце яго шпурнула на нос лодкi, тыцнула тварам у адрэзаны кавалак дэльфiна, i ён не мог паварушыцца.

"Вось што мы атрымалi, - падумаў ён. - Прымайма падарунак. Але змусь яго заплацiць за гульнi са шнурам, - падумаў ён. - Змусь яго заплацiць за гэта".

Ён не мог бачыць рыбiных скачкоў, адно чуў, як нiбыта разломваўся акiян, ды цяжкi ўсплёск, калi марлiн рухнуў. Шнур з ягонай хуткасцю моцна ранiў рукi, але стары чалавек загадзя ведаў, што гэтак будзе, i звыкла намагаўся, каб той не чапляў найбольш далiкатных частак рукi, не саслiзнуў у далонь ды не разануў па пальцах. "Калi б хлопчык быў тут, ён змачыў бы маткi шнура, - падумаў стары чалавек. - Але, калi б хлопчык быў тут. Калi б хлопчык быў тут..."

Шнур усё знiкаў i знiкаў у вадзе, але зараз рух гэты павольнеў, i стары чалавек прымушаў рыбiну здабываць кажнюткую цалю шнура. Вось ён узняў галаву на дне лодкi, пакiнуўшы там кавалак рыбы, расплюшчаны ягонай шчакой. Пасля ён укленчыў, а тады паволi ўстаў на ногi. Ён адпускаў шнур, але з кожным разам усё больш непаспешлiва. Ён адсунуўся назад, туды, дзе намацваў нагою маткi шнура, якiх не мог бачыць у цемры. Тут яшчэ было процьма шнуру, i на марлiнаву долю выпадала валачыць увесь прыпас у вадзе.



44 из 71