"Так, - падумаў ён. - I, апрача таго, марлiн скочыў больш за тузiн разоў i напоўнiў мяшкi ўздоўж свайго хрыбта паветрам i цяпер не можа падацца памiраць глыбока на дно, адкуль я не здолеў бы яго выцягнуць. Неўзабаве ён пачне кружляць, i вось тады я павiнен як след нацiснуць на яго. Цiкава, што яго так раптоўна спудзiла? Мажлiва, голад напоўнiў адчаем або штосьцi напалохала ўночы? Можа, ён раптам адчуў страх. Але ж гэткая спакойная дужая рыбiна, i такая, здавалася, бясстрашная i ўпэўненая. Дзiўна".

- Лепей сам будзь бясстрашны i ўпэўнены ў сабе, старэча, - сказаў ён. - Ты трымаеш яго iзноў, ды не можаш анi трохi падцягнуць шнур. Але неўзабаве ён павiнен закружляць.

Трымаючы шнур левай рукой i плячыма, стары чалавек нахiлiўся i чарпануў вады правай рукой, каб змыць рэшткi рыбiнага мяса са свайго твару.

Ён непакоiўся, каб яно не пацягнула яго на ванiты, i ён не падупаў на сiле. Абмыўшы твар, стары чалавек памыў правую руку ў вадзе за бортам i не выцягваў яе пэўны час з салёнай вады, назiраючы за з'яўленнем першага святла, за якiм - усход сонца. "Ён кiруецца амаль на ўсход, - падумаў стары чалавек. Значыцца, ён замарыўся i даверыўся плынi. Неўзабаве ён абавязкова закружляе. Тады i распачнецца праўдзiвая нашая праца".

Палiчыўшы ўрэшце, што яго правая рука была ў вадзе дастаткова доўга, стары чалавек выцягнуў яе i агледзеў.

- Нiчога страшнага, - сказаў ён. - I няхай балiць, боль для мужчыны рэч звычная.

Ён асцярожна ўзяўся за шнур, каб той не трапiў на нiводны свежы парэз, i пасунуўся так, каб мог апусцiць левую руку ў мора з другога боку чоўна.

- Для такое нiкчэмнасцi, як ты, твае паводзiны былi яшчэ не найгоршыя, звярнуўся ён да левай рукi. - Але быў момант, калi я не мог цябе знайсцi.



45 из 71