
"Чаму я не нарадзiўся з дзвюма добрымi рукамi? - падумаў ён. - Магчыма, гэта мая вiна, што я не вытрэнiраваў руку належным чынам. Але Богу вядома, што ў яго было досыць шанцаў навучыцца. Зрэшты, ён не так i кепска паводзiў сябе ўночы i здранцвеў усяго адзiн раз. Здранцвее зноў, дык няхай шнур яго ператне". Калi ён гэтак падумаў, дык уцямiў, што на яго найшло памутненне, i вырашыў яшчэ трохi падсiлкавацца рыбай. "Але я не магу, - сказаў ён у сваiх думках. - Лепей хай круцiцца галава, як страцiць сiлу ад ванiтаў. I я ведаю, што не ўтрымаю ў роце тую рыбу пасля таго, як уляпаўся ў яе тварам. Буду хаваць яе на сама крайнi выпадак, пакуль не сапсуецца. Але цяпер запозна падмацоўвацца ежай. Дурбель, - сказаў ён сабе. - З'еш другую лятучую рыбу".
Яна была тут, пачышчаная i гатовая, i ён падняў яе левай рукой i ўплятаў, стараяна перажоўваючы косцi, ядучы ўсю яе аж да хваста.
"Яна больш спажыўная за ўсе амаль iншыя рыбы, - падумаў ён. - Прынамсi, у ёй болей той сiлы, якая неабходная мне. Усё, што я магу, я зрабiў. Хай распачынае сваё кружлянне, хай прыйдзе бой!"
Сонца ўзыходзiла ў трэцi раз з таго часу, як ён рушыў у мора, калi рыба пачала кружыць.
Ён не мог вызначыць па нахiле шнура, што рыба кружыць. Для гэтага было занадта рана. Ён усяго толькi адчуў лёгкае паслабленне напору шнура i правай рукой стаў мякка выцягваць яго. Той напiнаўся, як заўсёды, але якраз там, дзе, здавалася, вось-вось парвецца, яго пачало прыбываць. Выслабанiўшы плечы i галаву ад шнура, што цiснуў на iх, стары чалавек цягнуў мерна i нямоцна. Рукi ягоныя нагадвалi цяпер маятнiк, таксама, наколькi мог, ён выкарыстоўваў у рабоце тулава i ногi. Старыя ногi i плечы круцiлiся ў суладдзi з узмахамi рук.
- Гэта вельмi вялiкi круг, - сказаў стары чалавек. - Але ён кружляе.
Пасля шнур у лодцы перастаў расцi, i стары чалавек цягнуў яго, пакуль не ўбачыў, як ад таго адскокваюць на сонцы кроплi. Пасля марлiн пацягнуў шнур далей, у мора, i стары чалавек, укленчыўшы, адпусцiў яго з неахвотай назад у цёмную ваду.
