- Напачатку ён бярэ шырока, - сказаў стары чалавек. - Я павiнен напiнаць шнур як мага мацней. Напруга будзе штораз скарачаць ягоны круг. Магчыма, праз гадзiну я ўбачу яго. Я павiнен яго адужаць, а тады павiнен дакончыць.

Але рыба спавольна кружыла, як i раней, i праз дзве гадзiны стары чалавек узмакрэў ад поту i валiўся з ног ад стомы. Аднак кругi зараз нашмат пакарацелi, i па нахiле шнура ён вызначыў, што рыба, апiсваючы iх, падымалася вышэй i вышэй.

Гадзiну стары чалавек бачыў перад вачыма чорныя плямы, салёны пот залiваў вочы, парэзы пад вокам i на лбе. Чорныя плямы яго не палохалi. Гэта было нармальна, калi ўлiчыць напругу, з якою ён цягнуў шнур. Двойчы, аднак, ён адчуваў млосць i заварот галавы, i вось гэта яго непакоiла.

- Я не магу зганьбiць сябе i аддаць канцы, пазмагаўшыся з гэткiм марлiнам, - сказаў ён. - Цяпер, калi я прымусiў яго хадзiць такiмi прыгожымi кругамi, Божа, дай вытрываць. Я прачытаю сотню "Ойчаў нашых" i сотню "Анёльскiх прывiтанняў". Але я не магу чытаць iх цяпер.

"Уважай iх за прачытаныя, - падумаў ён. - Прачытаю пазней".

Якраз тады нешта стукнула ў вадзе па шнуры, якi ён трымаў абедзвюма рукамi, i рванула шнур рэзка, моцна - ён адчуў гэта.

"Ён б'е па драцяным павадку сваёй пiкай, - падумаў ён. - Гэтага варта было чакаць. Ён павiнен быў так рабiць. Праўда, цяпер ён можа ўзяць ды скочыць, вынырнуць, i мне больш было б даспадобы, калi б ён кружляў сабе. Скачкi былi неабходныя, каб ён нахапаў паветра. Але пасля гэтага кожны скачок можа разрываць рану ад кручка, i каб ён не выкiнуў кручок наогул.

- Не скачы, рыба, - сказаў ён. - Не скачы.

Марлiн лупiў па дроце яшчэ колькi разоў, i кожнага разу, пакруцiўшы галавой, стары чалавек трохi папускаў шнур.

"Нельга, каб ягоны боль узмацняўся, - падумаў стары чалавек. - Мой боль не мае значэння. З маiм я магу спраўляцца. Але ён можа ашалець ад болю".



47 из 71