Мiнула трохi часу, рыба перастала бiцца аб дрот i зноўку пачала паволi кружыць. Зараз стары чалавек усё выбiраў i выбiраў шнур. Але на яго зноў наплыла млоснасць. Ён зачэрпнуў левай рукой крыху марской вады i лiнуў сабе на галаву. Потым лiнуў яшчэ i расцёр карак.

- Здранцвеласцi няма, - сказаў стары чалавек. - Я магу трываць, а ён у хуткiм часе выплыве. Я павiнен трываць.

Ён апусцiўся на каленi на носе лодкi i на нейкi час закiнуў шнур зноў за спiну. "Я перадыхну, пакуль марлiн кружляе, а тады ўстану i вазьмуся за яго, калi ён прыйдзе", - вырашыў стары чалавек.

Была вялiкая спакуса адпачыць на носе лодкi, даўшы рыбiне магчымасць зрабiць адзiн круг самой, не выбiраць шнур увогуле. Але калi напружанне паказала, што рыбiна павярнула ды плыве да лодкi, стары чалавек устаў на ногi, закруцiўся, захiстаўся, уцягваючы ў лодку ўвесь шнур, якi ён даставаў.

"Нiколi яшчэ я не быў такi змучаны, - падумаў стары чалавек, - i ў дадатак пасат узнiмаецца. Але пасат дапаможа мне дабрацца з рыбiнай да прыстанi. Мне ён будзе ох як патрэбны".

- Я адпачну ў наступны раз, калi марлiн рабiцьме круг, - сказаў стары чалавек. - Я пачуваюся нашмат лепей. Яшчэ два-тры абароты, i я займею яго.

Саламяны капялюш з'ехаў нiзка на патылiцу, i стары чалавек упаў на дно лодкi, калi рыба, паварочваючы, тарганула шнур.

"Цяпер працуй ты, рыбiна, - падумаў ён. - Я вазьмуся за цябе, калi ты павернеш назад".

Мора добра-такi ўзнялося. Але гэта быў вецер, якi суправаджае добрае надвор'е, i стары чалавек мецьме ў iм патрэбу, калi рушыць дадому.

- Я папросту буду кiраваць на поўдзень i захад, - сказаў ён. - Чалавек не заблудзiць у моры, ды i выспа нашая доўгая.

Марлiн рабiў трэцi абарот, калi ён упершыню ўбачыў яго. Дакладней, убачыў цёмны цень, якi праплываў пад лодкай гэтулькi часу, што стары чалавек не даваў веры: няўжо той такi даўжэразны?



48 из 71