- Ды не, - сказаў ён. - Не можа ён быць гэткi вялiзны.

Але ён быў гэткi вялiзны, i напрыканцы свайго круга выплыў на паверхню ўсяго за трыццаць ярдаў ад лодкi, i чалавек угледзеў ягоны хвост, што вытыркаўся з вады: вышэйшы за вялiкае лязо касы, лавандавага колеру, надта бледнага асаблiва над цёмна-сiняй вадой. Той падаўся назад, i калi марлiн плыў яшчэ зусiм блiзка ля паверхнi, стары чалавек мог бачыць агромнiстае тулава, спярэшчанае фiялетавымi палосамi. Спiнны плаўнiк быў апушчаны ўнiз, а велiзарныя грудныя плаўнiкi - шырока распасцёртыя.

Падчас гэтага кругу стары чалавек нават разгледзеў ягонае вока i ўбачыў дзвюх шэрых рыб-прылiп. Прылiпы то прысмоктвалiся да яго, то кiдалiся наўцёкi, а то спакойна плавалi ў ягоным цянi. Кожная з iх была ў даўжыню больш за тры футы, i калi яны хутка плылi, то, выгiнаючыся, шлёгалi ўсiм сваiм целам, як вугры.

Стары чалавек цяпер моцна пацеў, але ад нечага яшчэ апрача сонца. З кожным спакойным цiхамiрным абаротам, што рабiла рыба, шнур у лодцы доўжыўся, i стары чалавек быў упэўнены, што пасля двух наступных абаротаў ён займее мажлiвасць уторкнуць у марлiна гарпун.

"Але я мушу прысунуць яго блiжэй, блiжэй, блiжэй, - думаў ён. - Я не павiнен цаляць у галаву. Трэба лупануць у сэрца".

- Будзь спакойны i моцны, стары дружа, - наказаў ён сабе.

На гэты раз марлiнава спiна вылезла з вады, але ён быў крыху далекавата ад лодкi. Падчас другога кругу той па-ранейшаму быў занадта далёка, але болей высунуўся з вады, i стары чалавек не сумняваўся, што калi яшчэ трохi выбярэ шнур, то падцягне марлiна да самога борта.

Гарпун ён падрыхтаваў даўно, маток тонкай вяроўкi ляжаў у круглым кошыку, а ейны канец быў прымацаваны да бiтэнга на носе.

Робячы свой чарговы круг, паказалася рыбiна, спакойная i прыгожая, варушыўся толькi хвост. Стары чалавек напяў шнур як мог, каб наблiзiць яе да лодкi. Усяго на нейкi момант рыбiна злёгку павярнулася на бок. Пасля выпрасталася i распачала новы круг.



49 из 71