
- Я зрушыў яго з месца, - сказаў стары чалавек. - Усё-такi я зварухнуў яго!
На старога чалавека зноў наплыла млоснасць, але ён трымаў вялiзную рыбiну, напружваючыся што было моцы. "Я зварухнуў яго, - думаў ён. - Магчыма, на гэты раз я адолею. Цягнiце, рукi, - падумаў ён. - Трымайце, ногi. Трывай, мая галава. Трывай дзеля мяне. Ты нiколi не адключалася. На гэты раз я перавярну яго".
Але калi стары чалавек задоўга да таго, як марлiн зраўняўся з лодкай, намагаючыся з усiх жыл пачаў выцягваць яго, той крыху павярнуўся бокам, потым выпрастаўся i адплыў.
- Рыба, - сказаў стары чалавек. - Рыба, усё роўна цяпер ты памрэш. Дык табе трэба забiць мяне таксама?
"Гэтым нiчога не дасягнеш", - падумаў ён. Ягоны рот занадта перасох, каб гаварыць, але зараз ён не мог дацягнуцца да вады. "На гэты раз неабходна прыцягнуць яго да борта, - падумаў стары чалавек. - На шмат абаротаў мяне ўжо не хопiць. Не, цябе хопiць. Цябе хапацьме заўжды".
Падчас наступнага абарота ён ледзь не займеў яго. Але зноўку рыбiна выпрасталася i паволi паплыла сабе.
"Ты знiштажаеш мяне, рыба, - падумаў стары чалавек. - Але ты маеш на гэта права. Я нiколi не бачыў велiчэзнейшай цi прыгажэйшай, цi спакайнейшай або шляхетнейшай iстоты за цябе, браце. Давай! Канчай са мной, рыба. Мне ўсё адно, хто каго заб'е.
Нешта нядобрае робiцца з тваёй галавой, - падумаў ён. - А яна павiнна быць ясная. Май ясную галаву i ўмей цярпець, як мужчына. Цi як рыба", - падумаў ён.
- Ясней, мая галава, - сказаў ён голасам, якi ледзьве пачуў сам. - Ясней.
Яшчэ двойчы марлiнавы абароты заканчвалiся гэтак жа.
"Не ведаю, - думаў стары чалавек, - цi што ў мяне атрымаецца. - Кожны раз ён траха не страчваў прытомнасцi. - Не ведаю. Але яшчэ раз паспрабую".
Стары чалавек паспрабаваў яшчэ раз i адчуў, што яго апаноўвае млоснасць, калi ён павярнуў рыбiну на бок. Тая выпрасталася i зноў паволi адплыла, пайгойдваючы вялiзным хвастом у паветры.
