
"Я паспрабую яшчэ", - паабяцаў стары чалавек, хоць ягоныя рукi зрабiлiся лiпкiя, а вочы замглiлiся i толькi ў мiгi праяснення бачылi добра.
Ён паспрабаваў зноўку, i зноўку той жа вынiк. "Значыцца, - падумаў ён, а млосць ужо наплывала, - я паспрабую яшчэ раз".
Ён уклаў увесь боль i тое, што засталося ад ягонае дужасцi i даўно страчанае гордасцi, у свой высiлак, каб скончыць са змагарскай агонiяй рыбiны, i тая перавярнулася на бок i слухмяна паплыла, траха не датыкаючыся дзюбай да дошак чоўна, i мiнала лодку, доўгая, моцная, шырокая, срэбраная, спярэшчаная фiялетавымi палосамi i несканчоная ў вадзе.
Стары чалавек выпусцiў шнур i прыцiснуў нагой, пасля падняў гарпун, а ў гэтую хвiлiну ён сабраў i новыя сiлы, увагнаў рыбiне ў бок, якраз за вялiзным грудным плаўнiкам, якi ўзнiмаўся высака ў паветры на ўзроўнi рабаковых грудзей. Ён адчуў, як сталь уваходзiць у мяса марлiна, i ён успёрся на яе i ўвагнаў глыбей, а тады налёг на гарпун усiм цяжарам свайго цела.
Але рыба ажыла, хоць ужо трымала ў сабе смерць, i шуганула з вады, паказваючы ўсю сваю даўжыню i шырыню, i магутнасць, i красу. Здавалася, яна павiсла ў паветры над старым чалавекам у чоўне. Пасля яна з грукам упала ў ваду, пырскамi залiўшы старога чалавека i ўвесь ягоны човен.
Старога чалавека адольвала млоснасць i слабасць, ды i бачыў ён кепска. Але ён разблытваў шнур гарпуна сваiмi паабдзiранымi рукамi, павольна прапускаючы той цераз пальцы, пакуль, калi зрок ягоны паяснеў, не ўгледзеў рыбiны, што пагойдвалася на спiне срэбраным жыватом угору. Страла гарпуна тырчала наўскос з пляча рыбiны, i мора чырванела ад крывi, што цякла з сэрца марлiна.
Спачатку здавалася, што гэта ў сiняй вадзе глыбiнёю больш за мiлю цямнее мелiна. Пасля пляма расплылася, як рассейваецца воблака. Рыбiна iльснiлася срэбрам, калыхаючыся, застылая, разам з хвалямi.
Зрок у старога чалавека на момант палепшыўся, i ён уважлiва ўгледзеўся ў гэты малюнак. Пасля двойчы абкруцiў вяроўкай гарпуна бiтэнг на носе лодкi i паклаў галаву на рукi.
