- Не здавайся, галава, - сказаў ён, прыхiлiўшыся да дошак носа. - Я стомлены стары чалавек. Але я забiў гэтага марлiна, свайго брата, i мушу яшчэ багата паваждацца.

"Цяпер я павiнен падрыхтаваць вяроўку i петлi, каб прыладзiць яго да борта, - падумаў ён. - Нават калi б мы былi ўдвух i залiлi лодку, уцягнуўшы ў яе рыбiну, а пасля вычарпалi ваду, човен нiзашто не вытрымаў бы ягонага цяжару. Я павiнен усё падрыхтаваць, пасля прысунуць яго да борта, як след прывязаць, паставiць мачту, узняць ветразь i рушыць дадому".

Стары чалавек стаў падцягваць рыбiну да борта, каб займець магчымасць прасунуць вяроўку праз ейныя шчэлепы, выцягнуўшы пасля з рота, i прымацаваць галаву да носа лодкi. "Я хачу бачыць яго, - падумаў ён, - i кранацца, i адчуваць яго. Гэта мой скарб, - падумаў ён. - Але не таму я жадаю адчуваць яго каля сябе. Мне здаецца, я пачуў ягонае сэрца, - падумаў ён. - Калi штурхаў стралу гарпуна другi раз. Падцягнi яго зараз ды прымацуй, ды схапi пятлёю хвост, а другою - тулава, каб як след прывязаць яго да чоўна".

- Закасвай рукавы, старэча, - сказаў ён i глытнуў трошачкi вады. - Цяпер, па змаганнi, на цябе чакае процьма рабскае працы.

Ён зiрнуў угору на неба, тады ў ваду на рыбiну. Пасля ўважна паглядзеў на сонца. "Цяпер яшчэ толькi трохi папаўднi, - падумаў ён. - I пасат узнiмаецца. Такой бяды ўсе гэтыя шнуры. Мы з хлопчыкам зросцiм iх удома".

- Iдзi сюды, рыба, - сказаў ён. - Але марлiн не падышоў. Ён калыхаўся сабе ў хвалях, i стары чалавек сам пакiраваў лодку да яго.

Калi стары чалавек зраўняўся з рыбiнай i ейная галава датыкалася да носа лодкi, то ён не мог паверыць у памер гэтага марлiна. Але ён адвязаў вяроўку гарпуна ад бiтэнга, прасунуў яе праз шчэлепы i дастаў са скiвiц, абхапiў ёю меч, потым прасунуў вяроўку праз шчэлепы з другога боку, яшчэ раз схапiў ёю глюгу i, зрабiўшы вузел на двайной вяроўцы, прымацаваў яе да бiтэнга на носе. Пасля перарэзаў вяроўку i пайшоў на карму ўзяць пятлёю хвост. З фiялетава-срэбранай рыба зрабiлася цалкам срэбраная, а палосы мелi цяпер гэткi ж бледна-лiловы колер, што i хвост. Палосы былi шырэйшыя за чалавечую руку з растапыранымi пальцамi, а рыбiна вока глядзела гэтак жа адасоблена, як люстры ў перыскопе або як святы на выяве ў працэсii.



52 из 71