- Мы можам гэта зрабiць, - сказаў хлопчык. - А як наконт васьмiдзесяцi сямi, памятаеш свой найбольшы рэкорд?

- Двойчы такое не здараецца. А ты здолееш знайсцi бiлет з лiчбай восемдзесят пяць?

- Я магу заказаць адзiн.

- Адзiн бiлет. Два даляры з паловай. У каго мы можам iх пазычыць?

- Гэта проста. Я заўсёды магу пазычыць два даляры з паловай.

- Мяркую, што я таксама. Але стараюся не пазычаць. Спачатку пазычаеш. Потым жабруеш.

- Не мерзнi, старэча, - сказаў хлопчык. - Не забывайся, што цяпер верасень.

- Месяц, калi iдзе буйная рыба, - сказаў стары чалавек. - Любы можа быць рыбаком у траўнi.

- Пайду па сардзiны, - сказаў хлопчык.

Калi ён вярнуўся, стары чалавек спаў у крэсле, а сонца заходзiла. Хлопчык зняў старую салдацкую коўдру з ложка i агарнуў ёю спiнку крэсла i плечы старога. Гэта былi дзiўныя плечы, усё яшчэ магутныя, хоць i вельмi старыя, i шыя таксама была моцная, i маршчыны на ёй не гэтак кiдалiся ў вочы, калi чалавек спаў, нахiлiўшы наперад галаву. Яго кашуля была латана-пералатана гэтулькi разоў, што сталася падобная на ветразь, i кожная латка выцвiла на сонцы па-свойму. Усё ж ён быў вельмi стары, i ягоны твар, з заплюшчанымi вачыма, здаваўся нежывы. Газета ляжала на каленях, цяжар яго рукi трымаў яе, не даючы падхапiць вечароваму ветру. Ён быў босы.

Хлопчык пакiнуў яго тут, i, калi вярнуўся, стары чалавек па-ранейшаму спаў.

- Прачнiся, старэча, - сказаў хлопчык i паклаў руку яму на калена.

Стары чалавек расплюшчыў вочы, нейкi момант як бы вяртаючыся аднекуль здалёку. Нарэшце ўсмiхнуўся.

- Што ты прынёс? - спытаўся ён.

- Вячэру, - адказаў хлопчык. - Будзем зараз вячэраць.

- Я не надта галодны.

- Трэба пад'есцi. Ты не можаш лавiць рыбу не еўшы.

- Здаралася i гэткае, - сказаў стары чалавек, устаючы i згортваючы газету. Потым стаў складваць коўдру.

- Акрыйся коўдрай, - сказаў хлопчык. - Ты не будзеш лавiць рыбу галодны, пакуль я жыву на свеце.



6 из 71