- Тады жывi доўга i шануйся, - сказаў стары чалавек. - Што мы будзем есцi?

- Чорны боб i рыс, печаныя бананы i трохi тушанага мяса.

Хлопчык прынёс ежу з "Тэрасы" ў металiчнай пасудзiне, што складалася з двух судкоў. Два прыборы - нажы, вiдэльцы i лыжкi - ляжалi ў кiшэнi, кожны загорнуты ў папяровую сурвэтку.

- Хто табе гэта даў?

- Марцiн. Карчмар.

- Я мушу падзякаваць яму.

- Я ўжо яму падзякаваў, - сказаў хлопчык. - Табе няма патрэбы дзякаваць.

- Я дам яму мяса з нiжняй часткi вялiкай рыбiны, - сказаў стары чалавек. Ён дапамагаў нам больш як адзiн раз?

- Думаю, так.

- Дык я павiнен даць яму штосьцi болей, як мяса з нiжняй часткi рыбiны. Ён вельмi чула ставiцца да нас.

- Ён прыслаў пiва. Табе i мне.

- Мне больш падабаецца пiва ў бляшанках.

- Ведаю, але гэтае ў пляшках. Пiва "Наtueu", пляшкi я занясу назад.

- Дзякуй табе за клопат, - сказаў стары чалавек. - Цi не пара нам есцi?

- Я ж цябе запрашаў, - мякка сказаў хлопчык. - Не хацеў адчыняць судкi, пакуль ты не быў гатовы.

- Зараз я гатовы, - сказаў стары чалавек. - Мне трэба было толькi памыцца.

"Дзе ж ты мыўся? - падумаў хлопчык. - Вада ў вёсцы за дзве вулiцы ўнiз па дарозе. Я павiнен нанасiць сюды вады, i мыла трэба яму даць, i добры ручнiк. Як можна быць такiм бяздумным? Я павiнен прыдбаць яму iншую кашулю i свiтку на зiму, ды нейкiя чаравiкi, ды iншую коўдру".

- Твая мясная страва цудоўная, - сказаў стары чалавек.

- Раскажы мне пра бейсбол, - папрасiў яго хлопчык.

- У "Амерыканскай лiзе" перамагаюць "Янкi", як я i казаў, - усцешана сказаў стары чалавек.

- Сёння яны прайгралi, - сказаў хлопчык.

- Гэта нiчога не значыць, вялiкi Дзi Маджыа зноў у форме.

- Ён толькi адзiн з гульцоў у камандзе.

- Вядома. Але ад яго ўсё залежыць. У iншай лiзе - памiж Бруклiнам i Фiладэльфiяй - я паставiў бы на Бруклiн. Тут у мяне ў думках Дзiк Сiслер i тыя яго магутныя ўдары ў старым парку.



7 из 71