
Стары чалавек стаў караскацца зноў, але каля вяршынi ўзгорка ўпаў i колькi часу ляжаў, з мачтай на плячы. Ён намагаўся ўстаць, але гэта было яму не па сiле, i ён сядзеў тамака, трымаючы мачту на плячы, ды пазiраў на дарогу. Кот шмыгнуў на далёкiм схiле ўзгорка, спяшаючыся па нейкiх сваiх справах, стары чалавек паназiраў за iм. А потым вочы ягоныя глядзелi на дарогу.
Урэшце стары чалавек паклаў мачту на дол i ўстаў. Падняў мачту, узвалiў на плячо i папхнуўся па дарозе ўгору. Ён мусiў пяць разоў сядаць аддыхвацца, пакуль дабраўся да свайго жытла.
У халупе ён прыставiў мачту да сцяны, у цемры адшукаў бутэльку з вадой i трохi глынуў з яе. Пасля ўлёгся на ложак. Стары чалавек нацягнуў коўдру на сябе i заснуў, лежачы тварам на газетах, выпрастаўшы рукi далонямi ўгору.
Ён спаў, калi хлопчык зазiрнуў ранiцою ў дзверы. Дзьмула гэтак моцна, што на дрэйфуючых лодках* нельга было выходзiць у мора, i хлопчык позна спаў, а пасля прыйшоў, як i кожнае ранiцы, у хацiну старога чалавека.
* Лодкi з адмысловымi сеткамi, у якiя падчас прылiву заплывае рыба.
Увачавiдкi пераканаўшыся, што стары чалавек дыхае, хлопчык убачыў ягоныя рукi i заплакаў. Ён асцярожна выйшаў з халупы, каб прынесцi старому чалавеку трохi кавы, i ўсю дарогу, iдучы, плакаў.
Багата рыбакоў стоўпiлася вакол чоўна, разглядаючы тое, што было да яго прывязана. Адзiн, закасаўшы порткi, залез у ваду i мераў шкiлет кавалкам шнура.
Хлопчык не спусцiўся ўнiз. Ён пабываў там раней, i адзiн з рыбакоў па ягонай просьбе глядзеў за лодкай.
- Як ён маецца? - нехта з гурту гукнуў хлопчыку.
- Спiць, - абазваўся той. Хлопчык не саромеўся, што людзi бачаць, як ён плача. - Хай нiхто яго не турбуе.
- Ейная даўжыня ад носа да хваста была васемнаццаць футаў, - апавясцiў рыбак, якi мераў шкiлет.
- Пэўна ж, - адказаў хлопчык. Ён прыйшоў да "Тэрасы" i папрасiў бляшанку кавы.
- Гарачай, i каб у ёй было многа малака i цукру.
