- Што-небудзь яшчэ?

- Не. Потым пабачым, што ён мог бы з'есцi.

- Якая была рыбiна! - сказаў карчмар. - Свет гэткае не бачыў. Тыя дзве, што ты злавiў учора, таксама нiчога.

- Да д'ябла мае рыбы! - сказаў хлопчык i зноў пачаў плакаць.

- Можа, вып'еш якога трунку?

- Не, - адмовiўся хлопчык. - Скажы, каб не турбавалi Сант'яга. Я яшчэ прыйду.

- Перадай, я вельмi яму спачуваю.

- Дзякуй, - адказаў хлопчык.

Ён занёс гарачую бляшанку кавы ў халупу старога чалавека i сядзеў там, каля яго, пакуль той не прачнуўся. Аднаго разу хлопчыку здалося, што стары чалавек прачынаецца. Але ён зноў упаў у цяжкi сон, i хлопчык хадзiў цераз дарогу пазычыць трохi дроў, каб падагрэць каву.

Нарэшце стары чалавек прачнуўся.

- Не, не сядай, - сказаў хлопчык. - Выпi гэта. - Ён налiў крыху кавы ў шклянку.

Стары чалавек узяў шклянку i выпiў.

- Яны пабiлi мяне, Маналiн, - сказаў ён. - Ушчэнт пабiлi мяне.

- Не ён пабiў цябе. Не марлiн.

- Не. Сапраўды не. Гэта здарылася потым.

- Педрыка глядзiць за лодкай i начыннем. Што ты мяркуеш зрабiць з галавою?

- Хай Педрыка пасячэ яе ды скарыстае ў пастках на рыбу.

- А кап'ё?

- Вазьмi сабе, калi хочаш.

- Хачу, - сказаў хлопчык. - А зараз нам трэба яшчэ сёе-тое вырашыць.

- Цi шукалi мяне?

- Шукалi. Берагавая варта i самалёты.

- Акiян - ён надта вялiкi, а човен - малы, яго цяжка ўгледзець, - сказаў стары чалавек. Ён заўважыў, як гэта прыемна мець суразмоўцу, а не проста гаварыць сам з сабою ды з морам. - Мне бракавала цябе, - сказаў ён. - А што ты ўлавiў?

- Адну першага дня. Яшчэ адну другога i дзве трэцяга.

- Вельмi добра.

- Цяпер мы зноў будзем разам рыбачыць.

- Не. Я няўдачнiк. Шанцаванне пакiнула мяне.

- Д'ябал з iм, з шанцаваннем, - сказаў хлопчык. - Я прынясу шанцаванне з сабою.



69 из 71