- А што твае скажуць?

- Мяне гэта не абыходзiць. Учора я злавiў аж дзве. Мы будзем рыбачыць разам, бо мне яшчэ шмат чаго трэба ўведаць.

- Мы павiнны займець добрыя восцi, каб выняць дух з любой рыбiны, i хай яны заўсёды будуць пад рукой на борце. Ты можаш зрабiць лязо з рэсорнай планкi старога форда. Набрусуем яе ў Гуанабакоа. Яно мусiць быць вострае, аднак загартоўваць не трэба, бо зломiцца. Мой нож зламаўся.

- Я дастану другi нож i набрусую рэсору. Колькi дзён яшчэ будзе ўладарыць brisа?

- Можа, тры. Можа, болей.

- Я ўсё зраблю найлепшым чынам, - сказаў хлопчык. - А ты, старэча, дагледзь свае рукi.

- Я ведаю, як iх падгаiць. Уночы я выплюнуў штось нязвыклае i адчуў: нешта ў маiх грудзях зламалася.

- Падлячы i гэта, - сказаў хлопчык. - Кладзiся, старэча, а я табе прынясу чыстую кашулю i што-небудзь паесцi.

- Прынясi якую газету за тыя днi, калi мяне тут не было, - папрасiў стары чалавек.

- Ты мусiш акрыяць хутка, бо мне багата чаго трэба ўведаць, а ты можаш навучыць мяне ўсяму. Табе было вельмi цяжка?

- Страшэнна, - адказаў стары чалавек.

- Я прынясу ежу i газеты, - сказаў хлопчык. - Адпачнi як след, старэча. I яшчэ я зайду ў аптэку па лекi для тваiх рук.

- Не забудзься сказаць Педрыку, што галава рыбiны - ягоная.

- Не забудуся.

Хлопчык выйшаў з дзвярэй i стаў спускацца па каралавай разбiтай дарозе: зноў ён плакаў.

Папаўднi гэтага дня гурт турыстаў сядзеў на "Тэрасе" i адна кабета, пазiраючы ў ваду, захламленую пустымi бляшанкамi з-пад пiва i дохлымi баракудамi, убачыла агромнiсты доўгi белы хрыбетны слуп з вялiзным хвастом на канцы.

Хвост узнiмаўся i калыхаўся з прылiвам, калi там, за ўваходам у гавань нястомна i мерна разгойдваў мора ўсходнi вятрыска.

- Што там такое? - спыталася яна ў афiцыянта i паказала на доўгую хрыбетнiцу велiзарнай рыбiны, што была зараз проста смеццем, якое чакала, калi прылiў змые яго.



70 из 71