- Нiколi не было нiчога падобнага на тое. Я нiколi не бачыў, каб мяч ляцеў так далёка.

- Памятаеш, як ён прыходзiў на "Тэрасу"? Я хацеў узяць яго ў рыбу, ды не адважваўся запрасiць. Тады я папрасiў, каб ты гэта зрабiў, але i ў цябе не хапiла духу.

- Я ведаю, што гэта была вялiкая памылка. Ён мог пайсцi з намi ў мора, i мы ўспамiналi б пра гэта ўсё жыццё.

- Я хацеў бы ўзяць у рыбу вялiкага Дзi Маджыа, - сказаў стары чалавек. Рыбакоў сын, кажуць. Магчыма, ён быў гэткi ж бядняк, як i мы, i яго не пакрыўдзiла б маё запрашэнне.

- Бацька вялiкага Сiслера нiколi не быў бедны i ў маiм веку гуляў у салiдных лiгах.

- Я ў тваiм веку быў перад мачтай* на караблi з чатырохкутнымi ветразямi, якi iшоў у Афрыку, i ўвечары бачыў на ўзмор'i львоў.

* Быў матросам, матроскi кубрык знаходзiўся ў пярэдняй частцы карабля.

- Я ведаю. Ты расказваў мне.

- Пра што нам лепш пагаварыць: пра Афрыку цi бейсбол?

- Пра бейсбол, я думаю, - сказаў хлопчык. - Раскажы мне пра вялiкага Джона Дж. Мак Гро. - Ён вымавiў Хота* замест Дж.

* На гiшпанскi лад.

- Ён таксама часам завiтваў на "Тэрасу" ў былыя днi. Але ён быў грубы i жорсткi, i не даць рады, калi выпiваў. У ягоных думках былi на роўных бейсбол i конi. Прынамсi, ён увесь час насiў спiс коней у кiшэнi i часта называў iхнiя мянушкi па тэлефоне. - То быў вялiкi менеджэр, - сказаў хлопчык. - Бацька лiчыць, найвялiкшы.

- Бо ён сюды наведваўся процьму разоў, - сказаў стары чалавек. - Калi б Дзюрашэр працягваў прыязджаць да нас штогод, твой бацька лiчыў бы найвялiкшым менеджэрам яго.

- Хто на самай справе найвялiкшы менеджэр: Лiк цi Майк Гансалес?

- Думаю, яны роўныя.

- А найлепшы рыбак - ты.

- Не. Я ведаю лепшых.

- Que va*, - сказаў хлопчык. - Ёсць нямала добрых рыбакоў i некалькi вялiкiх. Але гэткiх, як ты, больш няма.



8 из 71