У гэты час ува мне загаварыла мая лянота. Яна аказалася непераможнай, i ў гэтым сэнсе я сапраўдны венецыянец. Навошта я нарадзiўся ў найцудоўнейшым горадзе свету, калi i тут, як i ўсюды, трэба працаваць? Венецыя ўжо сама па сабе была для мяне дастатковым заняткам. Я меў ад яе насалоду i ў цяпершчыне i ў мiнуўшчыне. Я з радасцю бавiў бы ўвесь час у яе старажытных гiстарычных архiвах, але на гэта патрэбны былi грошы, а я не меў iх зусiм, як можна не мець здароўя перад самаю смерцю. Як выбрацца з жабрацтва, якое так уладна замiнала маёй любовi да бясконцых бадзянняў па горадзе i аматарскiх заняткаў яго гiсторыяй?

Аднаго разу, калi я думаў пра гэта, мне прыйшла ў галаву iдэя, якая i прывяла мяне пасля ў гэтую лякарню. Я зайшоў у сабор святога Марка i, сеўшы за лаўку, засяроджана разглядаў каштоўны мармур i мазаiкi, што аздабляюць гэты цуд мастацтва. Золата, там разлiтае, зiхоткая раскоша, якая ператварыла царкву ў поўны чароўнасцi грот, загiпнатызавалi мяне. Побач з такiмi скарбамi я яшчэ больш быў прыгнечаны ўласнай беднасцю. I тут раптам, сам не ведаю чаму, мне згадаўся змест старых гарадскiх дакументаў, якiя я ранiцай гэтага ж дня гартаў у архiве. Гэта была запiска iнквiзiтараў пра нейкага нямецкага авантурыста Ганса Глуксбергера, якi сцвярджаў, што валодае таямнiцамi ператварэння металаў у золата. Ён прыехаў, каб заняцца гэтым, у сярэдзiне васемнаццатага стагоддзя ў Венецыю, дзе знайшоў шмат паслядоўнiкаў!..

Адразу розум мой як маланкаю асвяцiўся. Я адчуў, што ў мяне кружыцца галава - залатыя скляпеннi святога Марка загайдалiся нада мною. Калi гэтая дзiвосная тайна была вядомая раней, падумаў я, то чаму б не быць ёй падуладнай камусьцi сёння? Напэўна ж, ёсць людзi, якiя яе захавалi. Можна адшукаць iх сляды, зблiзiцца з iмi i з iх дапамогаю далучыцца да сакрэту ўзбагачэння.

Я прыняў рашэнне не сыходзячы з месца. Здолеў дамовiцца з роднымi, каб яны пачакалi яшчэ троху майго ўладкавання на службу, i цалкам аддаўся лiхаманкаваму вывучэнню акультных прац i алхiмiчных трактатаў.



4 из 9