Неўзабаве я пераканаўся, што мажлiвасць здабываць золата са звычайнага металу - нiякая не байка. Ганс Глуксбергер, анi кроплi не сумняваўся я, ведаў гэтую запаветную тайну i, пэўна, перадаў знойдзеную iм формулу каму-небудзь са сваiх венецыянскiх адэптаў. Гэтая ўпэўненасць падвоiла мае сiлы, i я з яшчэ большым iмпэтам распачаў свае пошукi.

I напаткаў раптам след.

Сярод вучняў немца згадвалася нейкая графiня Барбара Грыманэлi. Гэтая панi, паводле сведчанняў сучаснiкаў, была асобаю найвыдатнейшаю i дзякуючы рэдкаму розуму за некалькi гадоў вярнула сваёй сям'i яе дужа пахiснутыя моц i багацце. Менавiта яна адбудавала нанова палац Грыманэлi i аздобiла яго фрэскамi П'етра Лонгi*. Знiклi мае апошнiя сумненнi. Раптоўным сваiм узбагачэннем графiня Барбара была абавязана дзiвоснай тайне, якою яна валодала. Валодаў ёю, ведама ж, i праўнук яе граф Адаарда!

* Лонгi П'етра - венецыянскi мастак (1702-1785).

О, ды ён жа быў добра знаёмы мне - твар гэтай графiнi Барбары! Я бачыў яго ў самым цэнтры фрэскi Лонгi, на якой графiня стаяла за картачным сталом сярод некалькiх iншых членаў сям'i Грыманэлi. Выкананыя ў натуральную велiчыню постацi i дэталёва выпiсаныя адзежа i абсталюнак да iлюзii поўнiлi кампазiцыю дыханнем сапраўднага жыцця. Графiня Барбара была высокай жанчынай з жорсткiм i фанабэрыстым выразам твару. Рука яе разгортвала аркуш паперы з кабалiстычнымi знакамi. Як толькi гэтыя знакi раней не вывелi мяне на шлях да здагадкi!

I цi ж нельга было цяпер растлумачыць, чаму гэта Адаарда жыў так шыкоўна яшчэ да свайго паўналецця? Усiм было вядома, што Адаардаў бацька памёр, растрацiўшы ўсе свае грошы, - мiж тым вось ужо два гады, як яго сын дазваляў сабе велiзарныя расходы. Ён дбайна адрапараваў сямейны палац, прыдбаў найцудоўнейшы абсталюнак. Адаарда ездзiў у Лондан i Парыж, а такiя вандроўкi каштуюць немалых грошай, i цi ж не было гэта доказам таго, што ён таксама ведаў сакрэт графiнi Барбары i Ганса Глуксбергера? Запаветны сакрэт, якiм хацеў авалодаць i я, хацеў, чаго б мне гэта нi каштавала.



5 из 9