
Хiба мог Адаарда адмовiцца падзялiцца са мною сваёй тайнаю, калi пранiклiвасць мая адкрыла ўжо яе iснаванне? Але як дайсцi маёй мэты? Спярша трэба было ўбачыцца з Адаарда. Ён быў у той час у Венецыi, i я назаўтра ж пайшоў да яго ў Палац Грыманэлi. Мяне правялi ў тую самую галерэю, дзе знаходзiлася фрэска.
Паколькi Адаарда марудзiў выйсцi да мяне, я меў час добра разгледзець твор Лонгi. Толькi адна постаць на фрэсцы цiкавiла мяне - постаць графiнi Барбары. Я быў уражаны жорсткiм i пагрозлiвым выразам яе твару. Рука графiнi, здавалася, з лютасцю сцiскала недаступны ўсiм астатнiм тайнапiс, жадаючы схаваць яго ад цiкаўных позiркаў.
Прыход Адаарда спынiў мае назiраннi. Адаарда прыняў мяне вельмi ветлiва: стаў расказваць пра сваю апошнюю вандроўку ў Лондан, пасля па-сяброўску пацiкавiўся маiмi справамi. Цi наважыўся я пайсцi нарэшце на якуюсьцi службу? Я ўхiлiўся ад дакладнага адказу, спаслаўшыся ў апраўданне сваёй нерашучасцi на захапленне архiўнымi заняткамi.
Адаарда выслухаў мяне спачувальна. Напэўна, вандроўкi, гульня i жанчыны былi ў яго адзiнымi магчымымi спосабамi баўлення часу; праўда, я разумеў яго, але сказаў, што i навуковыя пошукi - занятак таксама займальны. Так, напрыклад, на днях я выявiў цiкавы факт, якi датычыцца яго прабабкi, графiнi Барбары. Кажучы пра гэта, я паказаў на яе выяву на фрэсцы. Адаарда знiякавеў, але неўзабаве гучна засмяяўся.
- Ну ты мяне i насмяшыў! Я ўпэўнены, што ты таксама напаў на след якога-небудзь аповяду пра авантуры маёй прабабкi, вечная ёй памяць. Ах, панове вучоныя, усе вы аднолькавыя! Уявi сабе, у Парыжы выйшла брашура аднаго маладога французскага даследчыка, якi сцвярджае, што ён знайшоў - нi больш нi менш - карэспандэнцыю графiнi i авантурыста Казановы дэ Сэнгальт, перапiску, якая, вядома, кампраметуе прабабку.
Сказаўшы гэта, ён адразу коса зiрнуў на мяне. Я таксама засмяяўся.
