
а вагонь iдзе пад сподам, далей солад падае ў барабаны i шчоткi, асобна падае квет, гэта парасткi, а асобна солад, тым кветам добра кармiць валоў, солад бывае мюнхенскi для цёмнага пiва i пльзэнскi для сьветлага пiва, солад вараць у варыльнi некалькi гадзiн, растаўкаюць яго на тры заторы, каб было больш Zuckerstoff'у, потым дадаюць хмелю, каб пiва набрала горычы, потым выпускаць у брадзiльню, у кадзi, i дадаюць пiўныя дрожджы, звычайнае пiва бродзiць месяц, ляжак, або вытрыманае пiва, тры месяцы, добрая ў мяне памяць, праўда? мала ў каго на сьвеце такая, ляжак прыпраўляюць да смаку, значыць, пакуль пiва разьлiюць у гекталiтры або ў кухлi, зьбiраюць у бляшанку тую гушчу, тыя дрожджы, i далiваюць патрошку ў кожную бочку, дзякуючы iм пiва потым мае тую iскрынку, або гранат, мюнхенскае пiва вылежваецца нават i паўгоду, а калi першы раз адшпунтоўваюць бочку, дык на гэта прыходзiць паглядзець i скаштаваць сам прэзыдэнт, адна швачка, на прозьвiшча Гулякава, калi я раiў ёй наконт палавой гiгiены, а потым вучыў, што найважнейшая справа запаўняць прагалы, гэта значыць, зрабiць нешта iншае, чымся было дагэтуль, дык тая швачка адразу захацела, каб я зь ёю пайшоў у лес i запоўнiў ейны прагал, але я ёй сказаў, што гэта можа зрабiць кожны дурань, а вось штука ў тым, каб зрабiць тое, чаго яшчэ няма, жанкi як што дык адразу гатовыя, у рэстаране падчас гулянкi карчмар мне скардзiўся, што госьцi сьцiраюць з тацы ягоныя рыскi, колькi выпiлi кухляў, а была тады са мною адна прыгажуня, якая сказала, панове, я маю рыску, якая так лёгка не сьцiраецца, вядома, некаторыя гатункi пiва ляжаць у смалаваных бочках i паўгоду, салодзенькi портэр з Пардубiцаў мае васямнаццаць градусаў, роўна столькi, колькi сёньня мае "Сэнатар" з Нусьляў, "Цмок" з Брна мае чатырнаццаць градусаў, роўна як "Спэцыял" з Бранiцаў або "Крыстал" з Будзяёвiцаў, ах, панна, тыя п'янюшчыя гранаты, тыя горкiя гатункi з Пльзьня, "Кардынал" i салодкае пiва "Ў Флекаў" або "Ў Тамаша", бяда якраз у тым, што прагрэс добры дзеля таго, каб людзi былi людзьмi, але што тычыцца хлеба, масла i пiва, дык прагрэс горш заразы, тут трэба ўводзiць тэхнiку халерна паволi, у старых броварах варылi пiва ў медзi, пад катламi палiлi смалякамi i полымя йшло праз тую медзь i карамэлiзавала пiва, вось жа памяць у мяне!