
судзьдзямi або й фiльмовымi акторамi, хоць я й нiколi ў футбол не гуляў, хiба што дзеля жарту, Моцарт i Гётэ, яны таксама ў футбол не гулялi, i кайзэр не, яму цiкавей было паехаць у Iшль i ганяцца за сарнамi, хадзiў ён у такiх нагавiцах, як дзецi, нагавiцах з пад'ёмным мастом, любiў людзей i еў сьвiнiну, за ўсё сваё панаваньне зрабiў толькi адну грашовую рэформу i загадаў павесiць Шлосарка i Гуга Шэнка, а маёй маме падараваў дваццаць пяць залатых, бо калi мама мясiла капусту, то мела на нагах белыя шкарпэткi, якраз тады былi манэўры, якiмi кiраваў кайзэраў дзядзька Альбрэхт, той, што вышчараў зубы i кватараваў з кайзэрам у аднаго такога Колажа, якога за гэтую кватэру кайзэр потым павысiў у шляхецкi стан, а той барон Колаж за гэтае павышэньне паставiў перад сваiм домам помнiк, я ехаў з мамай па карчы, жаўнеры вялi конi i елi кансэрвы, а мы наладавалi дзьве тачкi дроў i яшчэ паехалi па дзьве плахты травы для нашай каровы, было гэта гадкае падла, але мела пятнаццаць цялят, уся вулiца хадзiла да нас па малако, а калi тая карова памерла, уся вулiца плакала, але засталося ад яе цялятка, мы ўзялi яго ў сьвятлiцу i паiлi з пляшкi, дык кожнага ранку цялятка прыходзiла i лiзала нас, а мой брат Адольф казаў, што яно прыходзiць нас пагалiць, а калi з таго цяляцi вырасла карова, гаспадар Зпурны сказаў, што так прыгожай жывёлiны ён яшчэ ня бачыў, толькi што тая карова не магла глядзець нi на цягнiк, нi на ровар, таму мы чаплялi ёй навочнiкi, Царква тысячу гадоў змагалася з чэскiм народам, каб заглушыць у iм жарсьцi, але як тут ёй даць рады цэламу народу, той робiць хутчэй паводле кнiжкi спадара Батысты пра зарукi шлюбнага шчасьця, як толькi мужык убачыць прыглядную бабу, дык адразу мурашкi йдуць па iм i такi мужык адразу пачынае мазгаваць, як яе завалачы ў пасьцель, гэта, як кажа паэт Бонды, прага зьмянiць жаночую позу з вэртыкальнай на гарызантальную, i ён, хоць i паэт, з тае гарызантальнае позы мае цяперака двое дзяцей, якiх мусiць няўпынна вазiць з сабою ў возiку, мая