
мама была сьвятая жанчына, выхоўвала нас сама, у тыя часы яна была ўдарнiцай па ўборцы буракоў, калi выпала суша, палiвала iх з ручайка, буракi ў яе былi як цэбры, але нiхто ня мог параўнацца з Ганакамi, гэтыя мярзотнiкi выходзiлi задам, калi акучвалi буракi, каб не пакiнуць на полi нi сьледу, а яшчэ майстрам высокiх ураджаяў быў Мытны, што служыў капралам ва ўланах, з барадою як у прарока Iльлi, летам засоўваў тое валосьсе сабе ў нагавiцы, а зiмою насiў як шалiк, шчыраваў чалавек, увесь час сядзеў у лесе, а потым толькi памолiцца i зноў бяжыць за бабамi ў поле, ганяўся i за каровамi, бабаў падганяў добрым прыкладам i пугай, з такога спадар прэзыдэнт i сёньня меў бы карысьць, калi б iх было тысяч зь дзьвесьце, пры гаспадарцы ён меў карчму, але ягоная жонка замест налiваць гасьцям, налiвала сабе, дык ён, як што быў выхаваны па-каталiцку, бiў яе i бiў, пакуль не дабiў, паводле Старога Запавету конi i каровы ў яго былi начышчаныя да бляску, да таго куфэрак грошай i кнiжачкi ў ашчаднай касе, адна баба на прозьвiшча Шумплiца, каб не насiць выаранай бульбы, засыпвала яе босай нагою, але стары Мытны гэта ўбачыў i адсьцябаў яе пугаю, ажно яна абамлела, вечарам ён папраўляў мутрахлясты абутак i чытаў асьветнiцкую кнiжку, пакуль сеяць, адмочваў пшанiцу ў сiнiм купарвасе, любiў калоць парасятаў i да юшкi дадаваў пернасьцi ажно аднекуль з Афрыкi, яванская карыца, панна, лепшая за цэйлёнскую, такая лагодная карыца добрая для гарачага вiна i пiражкоў з павiдлам, але ўсё-ткi ў Аўстрыi людзi былi страшэнна адсталыя, адзiн мужычок матычыў поле i адматычыў сабе палец, бо думаў, што гэта вусень, настаўнiк Латал лупцаваў вучняў i бiў iх галавою аб дошку, бо вучнi кепска навучалiся рысавальнай геамэтрыi, а пробашч Збожыл хапаў хлопцаў за карак i трос iх як трусоў, бо не маглi зразумець, што ласка ёсьць божай натурай i звышнатуральнай заслугай, таму наш пробашч мусiў няўпынна малiцца, каб ня быць такiм злосным, бо здаралася яму часам адставiць келiх i заляпiць поўху мiнiстранту, а потым далей служыць iмшу, такая была тая аўстрыйская дысцыплiна, якая мела слабасьць да парадаў i колераў, арцыбiскуп насiў фiялетавы капялюш i фiялетавую сутану, генэрал Лукас меў залаты каўнер i тры зоркi на падкладцы з чырвонага шоўку, адзiн салдат ужо тады сказаў: насраць на вайну!