
тады Корац раскалоўся i прызнаўся, што тыя грошы пасылаў для сынка ў вышэйшай школе, а доктар сказаў, што яму да гэтага няма нiякай справы, дык Корац узяў касу i быццам ахвярнае ягня старой Аўстрыi выпiў лiтар рому за клуняй i падрэзаў сабе глотку, сёньня ўсё навыварат, дзецi вучацца задарма, а бацькi ледзь сабе глотак не пападрэзваюць, бо ў дзяцей больш грошай чымся ў iх, вось маеце, за Аўстрыi ў ялавiчным булёне не магло бракаваць шафрану, такой знакамiтай прыправы з Малой Азii, а мой стрыечны брат, вось гэта выпадак! быў з блiзьнят i ахрысьцiлi яго Вiнцакам, а таго другога блiзьнюка ахрысьцiлi Людвiчкам, а калi iм было па годзiку, мамуля купала iх у начоўках i на хвiлiнку адбегла да суседкi, калi вярнулася праз паўгадзiнкi, адно з дваiх утапiлася, а як што тыя двайняты былi падобныя, дык ня ведалi, каторы зь iх утапiўся, Людвiчак цi Вiнцак? кiнулi манэту, арол быў Людвiчак, а рэшка Вiнцак, выпала, што ўтапiўся Людвiчак, але мой стрыечны брат Вiнцак, калi вырас, пачаў сабе ламаць галаву, ён быў беспрацоўны, дык меў даволi часу, хто насамрэч утапiўся, цi абы на сьвеце не жыве Людвiчак, а ён, Вiнцак, цi не ўтапiўся? i пачаў пiць, потым хадзiў каля вады i шмат купаўся ў рэчцы, потым i ў лазьнi, хiба хацеў спраўдзiць, бо наканец утапiўся, каб упэўнiцца, цi не ўтапiўся тады ў начоўках, было яшчэ й тое, што за Аўстрыi людзi шукалi працы, а сёньня праца шукае людзей, так што яны ня маюць зашмат часу на глупствы, пацьвердзiў мне гэта i паэт Бонды, калi прывёз у гасподу двое сваiх дзяцей у возiку, ужо Сакрат, кажа Бонды, сьцьвердзiў, што курвельства ёсьць заняткам людзей бязь iншага занятку, Тонiк з кавярнi даў нам кiлбасы, каб мы патаўклi яму каменьне, дык таўчэм i таўчэм, а тут насоўваецца хмара, пацямнела як на пагiбель, загрымеў гром i блiснула маланка, мы мусiлi схавацца ў рове, а тут раптам зноў ясна, вяртаемся вечарам дахаты, а мама кажа, ведаеце, дзецi, што сталася?