
Карасак павесiўся якраз у тым лесе, дзе вы таўклi каменьне, таму што ягоная баба бегала за iншымi, я, панна, быў асьцярожны, там дзе я шаўцаваў, мелi дачку Мажэну, пуза як бубен, грудзi як у Марыi Тэрэзы, а азадак як сьвiронак або студня, кажуць мне раз, сёньня ў нас заначуеш, паслалi мне каля плiты, а над раньнем тая Мажэна мацнула мяне за твар i паклала мне на грудзях тыя свае цыцкi, а я кумiльгам адтуль, таму што ўжо тады быў далiкатны як саксонскi курфюрст, i рассадзiў сабе галаву аб плiту, адмочваю тую рану ў вядры, а цэлая сям'я выскачыла з пасьцелi i цешыцца, маўляў, будзем гуляць вясельле, але я ня даўся, сказаў як Гётэ, што я слабы ў грудзях i хутчэй схiльны да вершаў, дык яны таго зьлякалiся, Мажэна потым купiла мне гальштук i нiкеляваны пярсьцёнак, але я ўжо прачытаў твор спадара Батысты пра зарукi шлюбнага шчасьця, дык прыкiнуўся, што цiкаўлюся музыкай, а яе ўзяў нехта Етрудка, нажылi разам бяду i шасьцёра дзяцей, той Етрудка ўвесь час хадзiў набраны, хапала, каб толькi перад Мажэнай чыхнуў, а яна ўжо была пры надзеi, палова тых дзяцей звар'яцела, а другая палова, калi гэта даразумела, павесiлася, i як тут верыць соньнiку Анны Новакавай, нованароджанае дзiцятка пеставаць значыць радасьць! хiба адно стараста можа сабе нарабiць столькi дзяцей, але калi дзецi плачуць, дык нiякая гэта ня радасьць, старая Аўстрыя любавалася вайсковымi парадамi, але з другога боку, калi вы йшлi на шпацыр, дык штохвiлi зачаплялiся за выцягнутыя куксы жабракоў, i замест таго каб заглядацца на нейкую дзявочую цыцачку, я мусiў лiтавацца над тымi няшчаснымi, раз iду сам адзiн, а тут красуня, жыдоўка, нос крукам як чапяла, сядзiць на мяжы i выглядае першай суботняй зоркi, ня мела на сабе майтак, дык я адным вокам