зiрк туды, куды любiў паглядзець Гётэ, пакуль пачне пiсаць вершык, загаварыў зь ёю i пачалi памiж намi ткацца даверлiвыя адносiны, яна мне распавяла, што ўмее езьдзiць на ровары бяз рук, на той час гэта была рэвалюцыя, а я ёй распавёў пра аднаго жандара, якi недзе вынайшаў пастанову аб грамадзкай гiгiене i паводле тае пастановы хадзiў асабiста мыць маладых цыганак да пятнаццацi гадоў, старыя цыганы павiнны былi грэць ваду i потым iсьцi прэч, жандар зьнiмаў унiформу i закасваў рукавы, а ягоны начальнiк падглядваў празь дзiрку ад ключа, як выконваецца тая пастанова аб гiгiене, а потым паставiў таго жандара перад судом i сам хадзiў абмываць тых маладых цыганак, а старыя цыганкi зьдзiўлялiся, чаму ён ня мые i iх? тая жыдоўка, што сядзела на мяжы i чакала першай суботняй зоркi, пачырванела i шапнула мне, што яна таксама не занадта каб чыстая, i я на той мяжы адчуваў сябе зноў пераможцам, iншым разам я хадзiў з дачкою махляра, мала хто мог вадзiць зь ёю знаёмства, мы гулялi разам у дыябалё i калi яна нахiлялася, я заглядваў ёй у дэкальтэ, называлася гэтае махляровае дзiцятка Галенкай, мела такiя гожыя цыцачкi, што доўга яшчэ згадваючы iх я заiкаўся i рабiў правапiсныя памылкi, такiм чынам я захаваў тую самую iлюзiю, што й Госпад Хрыстос, хадзiць з прыгожымi дзеўкамi, але не прыпускаць iх занадта блiзка да сябе i быць вольным, як быў доктар Карафiят, якi дрыжаў ад страху, каб ня стрэць бабы ў кашулi нават у сьне, гэта звалiла б з ног нават i пiсьменьнiка, а тыя ж прывыклi бачыць i не такiя рэчы, бацька тае махляровае дачкi мяне цягнуў на службу, але я ведаў, што ў яго два сыны, фарсуны з маноклямi, адзiн сынок украў грошы з касы i згодна з модай таго часу застрэлiўся з браўнiнга, з браўнiнга стралялiся толькi члены кайзэравай сям'i, а жонка таго другога сынка, Нiна, вялiзазная й гладкая як аксамiт, любiла папiваць лiкёры i калi цягнула ваду са студнi, закруцiлася ёй у галаве i яна туды паляцела, знайшлi яе праз тыдзень, бо думалi, як гэта тады было ў звычцы, што яе выкраў нейкi студэнт, а яна ўжо была набрынялая й агiдная, ах, Сьвятая Багародзiца, гэтае жыцьцё ўсё роўна халерна прыгожае!


21 из 56