
я не хацеў iсьцi ў прымы ў iхную сям'ю, бо ейны дзядзька быў закаранелы рэлiгiйны фанатык, багамольнiк нашых гор, якi цалаваў зямлю i валiў платы вакол дамоў, бо калi, маўляў, на небе няма платоў, дык i на зямлi iх не павiнна быць, ужо ў тым часе ён быў першапраходцам у заворваньнi межаў мiж людзьмi, няўпынна ставаў на каленi на пляцы i крычаў, што платы мiж людзьмi зьнясе любоў, аднак людзi меркавалi iнакш, таму адразу йшлi дахаты i лягалi з жанкамi на канапе, дык той дзядзька ўрэшце павесiўся на могiлках на крыжы над магiлай свае маткi i ксёндз сварыўся, што яшчэ раз мусiць асьвячаць могiлкi, я дзiвiўся, як у соньнiку Анны Новакавай мог зьявiцца сказ, у сьне ў царкве быць павешаным, хутка станесься саноўнiкам Царквы, калi ж бо самагубца мае быць пахаваны ўначы, у поўнай цiшынi i ў асаблiва далёкiм месцы, або той натарыюсаў штабс-лекар, ягоная жонка была чысты скарб, той самы мадэль, што i вы, панна, калi прыходзiла да нас па малако, казала мне, цi вы не зайшлi б на хвiлiнку да нас, выглядаеце як нябожчык Штраўс у маладых гадох, яе матка паходзiла з замку за Пшэмыславiцамi, замак называўся Глохаў i належаў Бохнэру, а яе бацька, таксама натарыюс, езьдзiў чатырма белымi жарабцамi, а шэсьць стракатых догаў беглi з высалапленымi языкамi за павозкай, сын меў сурдут блакiтны як неба, чорныя нагавiцы з чырвонымi лямпасамi, якое яшчэ войска пакажа такую красу для вачэй, сёньня жаўнеры ходзяць як парабкi, а тады кожны жаўнер быў сьцiснуты ў поясе як панна, а калi прыяжджаў у водпуск, дык дзеўкi сiкалi ў майткi, бо жаўнеры насiлi гарсэты, а такi штабс-лекар меў два рады гузiкаў i залаты каўнер, нiбыта з чыстага золата, каўнер з шаўковай падкладкай наўкруг, генэрал-лекар меў зьмейку на каўняры цэлым у золаце, ну, нешта цудоўнае, адно прырода, калi хоча пахвалiцца, што нешта дакажа, стварае дзеля канкурэнцыi такога зiмародка або папугу, толькi што Аўстрыя апрача