гэтага параду i жабракоў мела яшчэ дысцыплiну, якая часта даводзiла жаўнераў да роспачы, таму што зь iх зьдзеквалiся i бiлi, тыя арышты, аковы, канцэнтрацыйны лягер, але той натарыюсавы штабс-лекар быў фанабэрысты як пава, у войска йшоў як красуня на шпацыр, а сталася яму такая бяда, што адзiн жаўнер забiў другога i ўкраў у яго грошы, якiя матка прыслала яму ў войска, а той забойца налiў забiтаму ў рот гарэлкi, а штабс-лекар яшчэ таго няшчасьнiка таўхаў нагою, бо думаў, што ён напiўся на службе, але адзiн спрытнюк убачыў гэта i данёс, дык штабс-лекара замкнулi i ён павесiўся на ручнiку ў каталажцы, а калi яго хавалi дома, дык мацi так рыдала, што ледзь касьцёл не развалiўся, заплацiла каму трэба, то й пахавалi яго на могiлках, хоць павiнны былi пахаваць уначы, у асаблiва глухiм месцы i бяз розгаласу, так яно бывае, панна, на фронце вас пахавалi б невядома дзе, усё роўна як бы згубiць хустачку, Анна Новакава ў сваiм соньнiку пiша, адпяваць нябожчыка гэта на шлюб, а сьнiць вар'ятню, вялiкага шчасьця чакай! во што прыдарылася начальнiку станцыi ў нас, якi гадаваў iндыкi i дрыжэў, каб яму дзяжурны добра пераводзiў стрэлкi, калi йшоў хуткi цягнiк, таму хадзiў сам кантраляваць, а хуткi яму ўехаў у тыя iндыкi, гэта было вiдовiшча, такi хуткi цягне за сабою паперыны й галiнкi, калi iмчыць, дык пацягнуў i пер'е iндыкаў ды iхнiя ашмёткi, на дзяжурнага на наступнай станцыi ўпалi тры сьцягнякi, на начальнiка яшчэ наступнай станцыi пасыпалася пер'е нiбыта зь якой пярыны, хуткi цягнiк гэта ня жарты, калi праяжджае праз станцыю, начальнiку зь Лiбiцы скразьняк за цягнiком вырваў з рук павышэньне i начальнiк ня мог адзець новы мундзiр, пакуль праз два тыднi не знайшлi тое павышэньне пяць станцый далей, адна жанчына йшла па шпалах, каб хутчэй зайсьцi дахаты, несла сьвiную юшку i разьехаў яе цягнiк, махам выцягнуў зь юшкi крупы i апырскаў iмi дзяжурнага на суседняй станцыi, на чыгунцы ёсьць людзi, абходчыкi, якiя апускаюць шлягбаўмы, вакол iхных дамкоў адно голае поле, ноччу нiхто


23 из 56