
iх ня бачыць, але яны ўсё роўна ваксуюць боты i выбiваюць мундзiры, а потым стаяць ля апушчаных шлягбаўмаў i казыраюць, цягнiк пралятае мiма iх уначы, пылiць на iх i пырскае, нiхто тых абходчыкаў ня бачыць, але яны стаяць на зважай i казыраюць начному хуткаму цягнiку, такiя во людзi засталiся ад колiшняе Аўстрыi, таму Лукас з гарнiзон-iнспэкцыёну ня бiў i не караў, затое Зэлiкоўскi быў сьвiньня, малацiў жаўнераў i загадваў iх прывязваць да дрэва, перш за ўсё капралаў, каб ведалi, як яно мае выглядаць, калi ён едзе на канi, i войска павiнна было расьцягнуцца ў швармлiнiю або вiкльтэлiнiю i зараз потым падвойную тупльшварм i допльрай, i паставiцца чатырохкутнiкам, i раптам рассыпацца, як бы хто стрэлiў у вераб'iную чараду, каб зноў самкнуць шыхт, камарад пры камарадзе, а калi генэрал падыме шаблю вастрыём угору, капралы павiнны ведаць, што гэта значыць, бо ж генэрал ня будзе крычаць да шаснаццацi ротаў войска, так як i дырыгент ня будзе крычаць на музыкантаў, ты ёлупню! ня бачыш там тае фэрматы? ён жа мае палачку не дзеля таго, каб сьвiснуць каму па вушах, але каб дырыгаваць, падаваць знакi, такi маршал, зразумела, мусiць клапацiцца, каб выйграць бiтву i каб не загiнула зашмат людзей, мяне рабiлi фрайтэрам, але я не схацеў, бо тады без упыну пасылаюць чалавека на варту або на патрулi i ўсё высылаюць у вайсковае вучылiшча, на ўскраiне лесу паручнiкi ўсё крэсьляць на дошцы i крычаць, падафiцэры zu mir! а як хто хоча пасцаць, дык мусiць прасiцца, потым едзеце на фронт i ўздоўж шашы пачынаюць зьяўляцца беспамылковыя знакi, амунiцыя, гарматы i параненыя, адзiн жаўнер дастаў ад вады срачкi або дыярэi, добрая ў мяне памяць, панна, што? i той жаўнер сядзеў у рове з папругай на карку, а тут генэрал Зэлiкоўскi саскочыў з каня i верашчыць, што гэта за войска такое засранае! i як вытне таго ваяку шабляй па сьпiне, а потым перада мною зьявiўся фронт, тая сумятня, дзе адзiн аднаго пыраў штыхом праз памылку, сьлепату або слабату, каб толькi далей наперад i наперад, каб вораг не пасьпеў акапацца, нэрвовыя афiцэры, швадроны залiтыя крывёю разам з коньмi, усё палала, дрэвы лёталi ў паветры, санiтары адвозiлi параненых на павозках кудысьцi ў лес, але дзяўчатам нельга было на фронце, яны заставалiся ў Пярэмышлi i Кракаве, пахаваныя па публiчных дамох, там у дзьвярах ёсьць вакенцы, я калiсьцi зазiрнуў, адна зь iх адчынiла i пытаецца, ну што, ваяка?