Сьвятая Багародзiца! каронны герцаг Фэрдынанд быў пабiты пранцамi i Вэцэра яго стукнула, а яе ўжо застрэлiў рамiзьнiк, ну а кожная панна прызнае, што калi б у ейнага мiлага той iнструмант быў няспраўны, дык ёй усё роўна што жыўцом у магiлу легчы, дык калi я служыў у найлепшай армii на сьвеце, кажу штабс-лекару, пане доктар, балiць мне ў грудзях, а ён кажа, мне таксама, хлопча, калi б у нас было сто тысяч такiх як ты, мы заваявалi б увесь сьвет! i даў мне адзiнку, i я быў героем i выйшаў з горда ўзьнятай галавой, а ён крычыць да мяне стойце! яшчэ маеце час, паедзеце з маёй паняй на вакзал, ягоная панi была красуня, той самай пароды, што й Мажэнка Цыглерава, велiканка як Марыя Тэрэза, выстраеная як каралева, i адразу мяне пытаецца, а вы яшчэ свабодны? i дае мне дваццатку за дарогу, але я ня ўзяў, во што значыць рыцарскасьць, Хрыстос i Гаўлiчак таксама не ўзялi б тае дваццаткi, ведаеце, у тыя часы мы трымалi шык, я любiў насiць пэнснэ, а ў гальштук прыколваў значок, якi дзед майго сябры дастаў ад клюбу "Ахiлес" у Брне за перамогу ў скоках у вышыню, галоўнае, каб мець грошыкi, за грошыкi можна ўсё, i прыгожыя панны, нават калi хто гарбаты або й стары грыб, за грошы можа купiць сабе прыгажуню, бо на гэтым наш сьвет круцiцца ў сусьвеце, а я, хоць i прысягаў кайзэрам i прэзыдэнтам, увесь час застаюся героем, далей маю залатыя рукi, як хiрург або доктар, у шаўца заўсёды далiкатныя рукi, таму мяне называлi прафэсiяналам, сам Баця, казалi, паслаў мне дэкрэт, каб я ў яго рабiў, каб яму паставiў ягоную фiрму на ногi, баранэса Бжызава, якая прыходзiла да нас па малако, паглянула на мяне, а потым апусьцiла вочы i кажа, а вы самi ня шляхцiц будзеце? была яна дамай высокага роду, мордачка як у кошкi на шакалядзе, а ейная дачка выйшла за прыгляднага судзьдзю Юста, таго што даваў валацугам i п'янiцам вялiзныя прысуды, Тонiк Воплетал уляпiў таму судзьдзi поўху, бо ён засудзiў яго на трынаццаць месяцаў


3 из 56