
за тое, што перагрыз горла Рыгу падчас акадэмiчных дэбатаў, Хрыстос жа, лекар усiх народаў, апiрышча бедных, ужо тады ведаў, што чалавек схiльны да найбольшага лайдацтва i зараз потым да сьлёз, таму меў досыць сiлы i за ўсiх узяў тое бервяно на плечы ды зьбiты i ўвесь у крывi валок яго два кiлямэтры на Гальготу, сьвятары й да сёньня гэтаму зьдзiўляюцца, найахвотней выкладаюць дзецям пра сьвятую Тройцу, што айцец ёсьць уласным сынам, а сын сваiм айцом, i што яны перапiсваюцца з дапамогай галубiцы, ну й лухта, ажно ў мазгох рыпiць, як быццам ксяндзом было мала, што яны чуюць на споведзi, тыя нягоды зь няшлюбнымi сынамi i айчымамi, але гэта людзям ня трэба, бо Хрыстос хацеў любовi да блiзкага, дысцыплiны, а ня той любовi на канапе, як гэта некаторыя тутака плятуць, прыдуркi, якiм паадбiвала мазгi, гэта я магу ганарыцца, я, якi заўсёды помнiў Гаўлiчака, а ў шавецтве быў iнжынерам чалавечых ног, спраўна падшываць чаравiчкi белай дратвай, а цьвiчкi не павiнны муляць у пяткi, я, якi ўжываў клей маркi Эльбэт i Гумiдрабант з слановых капытоў, ды што, калi грамадзкай думкай валодаюць iдыёты й п'янюгi, хай адно дакажуць столькi як нябожчык Масарык, якi яшчэ ў свае семдзесят рабiў стойку на канi, або як тыя манахi ў Тыбэце, якiя паставiлi сабе электрастанцыю i сьвецяць сабе ў кляштары на жывога Буду, тое малюткае дзiцятка, або спадар прафэсар Айнштайн, якi вынайшаў падводную лодку з атамам, або рускiя, якiя робяць досьледныя палёты вакол сьвету на самалётах з рэактыўнай цягай i лётаюць так хутка, што не пасьпеюць узьляцець, а ўжо мусяць тармазiць, так што адзiн спрытнюк сказаў, недалёкi той час, калi пры такiх падарожжах вакол сьвету рэактыўны самалёт будзе бачыць свой уласны хвост сьпераду, людзi толькi пасядуць у такiм эрапляне i зараз павiнны выходзiць, падарожжы будуць адбывацца так хутка, што лепш будзе сядзець дома, галоўнае аднак, каб чалавек ня жыў як у хляве, а насiў кветкi прыгажуням, вось наш ксёндз-пробашч ня мог сцаць i доктар Карафiят яму кажа, я ж вам казаў, толькi поснае, а ня мяса й вiнцо, а адна баба пасьля родаў зьела кiлбаску i доктар ёй дапякаў, вы нажэрлiся яблыкаў цi што?