
а мужа аблаяў, што для парадзiхi шэсьць тыдняў нельга нават глядзець на кiлбаскi, i даў мужу клiзму, а я калi хадзiў да доктара Карафiята лячыць салiцёры, ён адразу прыпiсаў мне дыету i наказаў, каб я сядаў на цёплае малако, каб якi iншы, дык мяне выкiнуў бы, а доктар Карафiят кажа, адразу па вас вiдаць, што вы нечым узварушаны, значыць, ня шлюбная тайна вас сюды прывяла, а тут якраз чэрцi прынесьлi кiрмаш i на пляцы адна баба жэрла лiверную каўбасу дык выбег сабака i цапнуў у бабы тую каўбасу разам з губою, дык доктар мусiў купiць ёй яшчэ адну каўбасу i прышыць ёй тую губу, таму што баба прыйшла да яго з плачам, на той час людзi былi галянтныя да жанчын, адзiн прафэсар мне казаў, ня ўмелi мы шанаваць Аўстрыi, ня ўмелi шанаваць бардэляў, дык цяпер ад празьмернага клёку мужыкi ў нас сталiся нэрвовымi, Грулешак малацiў сваю жонку ланцугом ад ровара або катом, як называлi ланцуг для ўцягваньня калодаў на калёсы, адвакат Кiр, якi пасярэднiчаў у продажы нашага дому i паставiў сабе вiлу каля суду, з фантанам, пальмамi i мармуровай калёнай, а на ёй голую Еву, якая мела пад нагамi ўвесь сьвет, а вакол сябе ружовы садок, дык той адвакат застрэлiўся, бо ягоная жонка выбрала беднага студэнта, як у нейкай апэрэце, усе тыя багатыя панi поўныя рамантызму, мне рабiлi такiя прапановы, што я ажно дастаў язваў, вам, зразумела, не адмоўлю ды зраблю яшчэ чаравiчкi, насаджу на вочы тыя павелiчальныя шкельцы, чаравiчкi фасону КБ, iмiтацыя вужавай скуры, белая футравая высьцiлка i белыя фрэнзьлi, чацьвертага памеру, мадэль "Дэрбы-Парызэр", чаравiчкi зь белымi наскамi i лякаванымi абкладамi, абцасiкi два цэнтымэтры, нiкеляваныя дзiркi, кручкi з цэлюлёйду, масянжовыя штыфты i масянжовыя шрубкi, каб падэшвы даўжэй насiлiся, потым зраблю вам на запас адну пару абутку на восень i другую на зiму, у сярэдзiну, згодна з пажаданьнем, дамо высьцiлку з чырвонага або жоўтага кажушка,