
потым яшчэ адны чаравiкi на горныя экскурсii i адны зусiм простыя на шпацыры па лугох, з чырвонымi наскамi i белай высьцiлкай, або шаўро з высокай абшыўкай i зялёнымi лякаванымi наскамi, паеду ў Вену, у фiрму "Салямандра", у той цэнтар абутковага сьвету, што мае пяць паверхаў, паеду туды па лякi Майцэн, кiтавыя i так далiкатныя, як шчочкi прыгажунi, цэнтар абутковага сьвету гэта фiрма "Салямандра" з салямандрай на знаку, тым часам як фiрма "Мэрцэдэс" мела на знаку малпу, на шкляных палiцах чаравiкi, вырабленыя цудоўнымi чалавечымi рукамi, кожны паверх асьветлены iншым колерам, граф Зэлiкоўскi зiмою прыляцеў на вучэньнi на жарабцу, нiбыта на самалёце-зьнiшчальнiку, на вусах iней, конская грыва таксама сам iней, граф быў вядомы сваёй жорсткасьцю й грубасьцю, адна баба ў мяне запыталася, дзе служыць ейны сын, бо яна прынесла яму пiражкоў, а тут нарваўся граф Зэлiкоўскi на жарабцу i як рыкне па-польску, не гадай з бабамi, скурвысыну! сьцебануў мяне прутам i паскакаў на сваiм жарабцы проста на бабу на дваццацiградусным марозе, я стаяў на варце, было мне даваццаць адзiн год, а ў сабе я меў столькi энэргii, што ёю можна было б асьвятляць Прагу з тыдзень часу, яшчэ й сёньня чорт мяне падпорвае, калi бачу тую заруку шлюбнага шчасьця, дароднае жаночае цела, сокалы тады завiлi мае валасы, пазычылi мне сокальскую апратку, на лузе поўна сокалаў, на дрэвах павяваюць сьцягi, а на мяне глядзяць як на прэзыдэнта, шэраг сiвакоў, за iм шэраг каштанавых коней, дзьве красунi парвалi сабе блюзкi, пабiўшыся з-за мяне, але я ўжо быў начытаўся ў творы спадара Батысты, што чалавек, у якога няма нiчога сьвятога, больш схiльны да грэху i што адных жанчын цягне да каханьня, iншых да грошай, а яшчэ iншых да аднаго й другога, некаторых да разбэшчанасьцi, а нават вычварэнстваў, iншых да мастакоў, да замужжа, але гэта павiнна быць так, як навучае майстра Ян Гус, дзеўка, не падавай нагi кавалеру, пакуль ня ўведаеш, хто ён, найлепш прытрымлiвацца гэтых запаветных слоў, таму iндусы маюць у царкве быка i яму пакланяюцца, Сыбiла, тая, што прадказала сьмерць Госпада Iсуса, пабаялася йсьцi кладкай церазь Ярдан i пакланiлася таму кедраваму дрэву, а яе сяброўкi запыталiся, чаму яна ня йдзе далей?