
Вакол быў як шумлiвы птушыны двор, цёплы, вясёла расквечаны, прыгожа аздоблены. I яны заставалiся тут i сядзелi, цесна скупiўшыся вакол невялiчкiх столiкаў, i гаманiлi.
I адусюль на iх нiбы павявала лёгкiм ветрыкам узбуджанасцi, жвавасцi, радаснай усхваляванасцi ад успамiну пра цяжкi выбар, яны i цяпер яшчэ сумнявалiся трошкi (цi будзе ён стасавацца з блакiтна-шэрым ансамблем? ды не, не - вядома, будзе, проста чароўна), i ў перспектыве ўяўлялася гэткая метамарфоза, гэткае раптоўнае самаўзвышэнне, бляск.
Яны, яны, яны, яны, паўсюль, заўсёды яны, ненажэрныя, сакатлiвыя, далiкатныя.
Iх твары нiбы распiнала з сярэдзiны ўнутранаю напружанасцю, iх абыякавыя позiркi слiзгалi па паверхнi, па абалонцы рэчаў, спынiўшыся на iмгненне, узважвалi iх (прыгожае, непрыгожае?) i зноў пакiдалi. Румяны надавалi iм цяжкi бляск, нейкую нежывую свежасць.
Яны заходзiлi ў чаёўнi. Доўга, гадзiнамi сядзелi там, пакуль не пачынала цямнець. I гаманiлi: "У iх бываюць такiя нiкчэмныя сцэны, такiя сваркi, без дай прычыны. I я мушу сказаць, шкадую больш усё-ткi яго. Колькi? Ды, прынамсi, два мiльёны. I гэта яшчэ толькi спадчына ад цёткi Жазефiны... Не... З чаго вы ўзялi? Ды не ажэнiцца ён з ёй. Яму патрэбна добрая гаспадыня i дамаседка, ён нават сам не разумее гэтага. Ды не, я вам кажу. Яму патрэбна дамаседка... Дамаседка... Дамаседка..." Усё, пра што iм казалi, усё, што яны чулi, - усё i заўсёды было пра гэта, тут яны былi знаўцы: пачуццi, каханне, жыццё - гэта была iх сфера. Яна належала iм.
I яны гаманiлi, гаманiлi бясконца, паўтаралi ўвесь час адно, i пераварочвалi, i пераварочвалi зноў, з аднаго боку, потым з другога, i мясiлi, мясiлi, безупынку качалi ў пальцах гэтае непадатнае, мiзэрнае рэчыва, якое выдлубвалi з жыцця (з таго, што яны называлi "жыццём", з iх сферы), i мясiлi, расплёсквалi, скочвалi - пакуль яно не рабiлася камячком, маленькаю шэраю гулькай.
XI
Яна выведала сакрэт. Вынюхала, дзе хаваецца тое, што павiнна лiчыцца - для ўсiх - сапраўдным багаццем. Цяпер яна ведала "шкалу вартасцяў".
