
У шынку мы засталiся траiх. Раптам стала вельмi цiха. Цiкаў гадзiннiк. Гаспадыня прыбрала са стала i позiркам добрай мацi пазiрала на нас. Каля печы выцягнуўся руды ганчак. Час ад часу ён сонна ўзбрэхваў, цiха, высокiм голасам, нiбы скардзячыся. Вецер гладзiў аконныя шыбы. Яго пошум сплятаўся з урыўкамi салдацкiх песень, i мне здавалася, што маленькi пакой уздымаецца i лунае з намi праз ноч i праз гады, мiма многiх успамiнаў.
Настрой быў нязвыклы. Здавалася, што час спынiўся. Ён ужо здаваўся не ракой, якая выплывала са змроку i ў iм жа хавалася, гэта было мора, у якiм бязгучна адлюстроўвалася жыццё. Я трымаў у руцэ чарку. Ром зiхацеў. Я прыпомнiў пра запiсы, якiя рабiў учора ў майстэрнi. Тады мне было крыху сумна. А цяпер ужо не было. Было абыякава: жывi - пакуль жывеш. Я глянуў на Кёстэра. Я чуў, як ён размаўляў з дзяўчынай. Але да слоў я не прыслухоўваўся. Я адчуваў мяккi пошум першага хмелю, якi падаграваў кроў i якi падабаўся мне, бо ён накiдваў на невядомае покрыва прыгоды. У садзе Ленц з Бiндзiнгам спявалi пра Аргонскi лес. Каля мяне размаўляла незнаёмая дзяўчына. Яна гаварыла цiха i павольна, нiзкiм, крыху хрыпаватым голасам, якi ўзбуджаў. Я выпiў чарку.
Тыя ўдвух зноў вярнулiся. На свежым паветры яны працверазелi. Мы зазбiралiся. Я дапамагаў дзяўчыне апрануць палiто. Яна стаяла блiзка, распраўляючы гнуткiя плечы. Рот у яе быў крыху адкрыты, усмешка, нiкому не адрасаваная, была звернута ў столь. Я на момант выпусцiў з рук палiто. Дзе былi дагэтуль мае вочы? Цi я спаў? Я раптам зразумеў узнёсласць Ленца.
Яна запытальна павярнулася да мяне. Я хуценька зноў паднёс палiто i зiрнуў на Бiндзiнга, якi - расчырванелы i ўсё яшчэ асалавелы - стаяў каля стала.
- Вы думаеце, што ён зможа весцi машыну? - спытаў я.
- Будзем спадзявацца.
Я ўсё яшчэ глядзеў на яе.
- Калi ён не зусiм надзейны, нехта з нас можа паехаць.
