
Яна дастала пудранiцу i адчынiла яе.
- Неяк будзе, - сказала яна. - Выпiўшы, ён кiруе яшчэ лепш.
- Лепш i, пэўна, яшчэ больш неасцярожна, - запярэчыў я. Яна скоса глянула на мяне, адарваўшы позiрк ад люстэрка.
- Будзем спадзявацца, што ўсё будзе добра, - сказаў я.
Такая надзея была абгрунтаваная, бо Бiндзiнг ледзь трымаўся на нагах. А я не мог так проста развiтацца з ёю.
- Можна мне заўтра патэлефанаваць, каб даведацца, як справы? - спытаў я.
Яна адказала не адразу.
- Мы, iнiцыятары гэтай п'янкi, нясём пэўную адказнасць, - гаварыў я. Асаблiва я, з тым сваiм ромам.
Яна засмяялася.
- Ну добра, калi вам так хочацца. Тэлефануйце: Захад - 2796.
На дварэ я адразу запiсаў сабе нумар. Мы паглядзелi ўслед машыне Бiндзiнга i выпiлi "на пасашок". Потым зароў наш "Карл". Ён iмчаў праз лёгкi сакавiцкi туман, мы дыхалi часта, горад наблiжаўся насустрач нам - вогненны i хiсткi ў марыве. Раптам, як карабель у моры, выплыў асветлены, стракаты бар Фрэдзi. Мы кiнулi якар. Золатам iскрыўся каньяк, джын блiшчаў, як аквамарын, а ром быў само жыццё. Мы сталёва сядзелi на высокiх сядзеннях бара, музыка плёскалася, iснасць была светлая i надзейная; сiлай налiвалiся нашыя грудзi, забылiся няўцешнасць пустых мэбляваных пакояў, якiя чакалi нас, адчай будзённасцi. Стойка бара ператварылася ў капiтанскi мосцiк на караблi жыцця, i мы плылi ў будучыню ў пырсках пены...
II
Назаўтра была нядзеля. Я позна спаў i прачнуўся, калi промнi сонца ўпалi мне на пасцель. Я хутка саскочыў з ложка i адчынiў вокны. На дварэ было свежа i ясна. Я паставiў прымус на лаўку i пачаў шукаць каву. Мая гаспадыня, фраў Залеўскi, дазволiла мне варыць каву ў пакоi. Тое, што яна падавала, было занадта слабое. Асаблiва з пахмелу. Я ўжо два гады жыў у пансiянаце Залеўскi. Месца мне падабалася. Было куды пайсцi - побач Дом прафсаюзаў, кавярня "Iнтэрнацыяналь" i рэстаран, дзе адбывалiся сходы Армii выратавання. Перад домам, акрамя таго, былi старыя могiлкi. На iх раслi дрэвы, як у парку, i спакойнымi вечарамi можна было падумаць, што жывеш у вёсцы. Але спакой наставаў вельмi позна, бо побач з могiлкамi была шумная плошча з каруселямi i арэлямi.
