
У скарбонку фраў Залеўскi могiлкi прыносiлi надзейны прыбытак. Яна хвалiла свежае паветра i шырокiя далягляды i за гэта брала больш высокую плату. Пры рэкламацыях яна настойвала:
- Але, панове, падумайце толькi - якое месца!
Я апранаўся вельмi павольна. Гэта надавала мне адчуванне нядзелi. Я ўмыўся, пахадзiў па пакоi, пачытаў газету, згатаваў каву, пастаяў каля акна i паназiраў, як палiваюць вулiцу, паслухаў спеў птушак у высокiх дрэвах на могiлках - яны спявалi, як маленькiя срэбныя флейты святога бога, далучаючыся да цiхага пяшчотнага буркатання меланхалiчнай шарманкi на плошчы. Я выбiраў сарочку i шкарпэткi, хоць выбiраць асаблiва не было з чаго, з некалькiх сарочак i пар шкарпэтак я выбiраў так, быццам iх было ў дваццаць разоў больш; насвiстваючы, я павыкiдваў усё з кiшэняў: дробязь, нож, ключы, цыгарэты, i раптам - учарашняя паперка з iмем дзяўчыны i нумарам тэлефона. Патрыцыя Хольман. Дзiўнае iмя - Патрыцыя. Я паклаў паперку на стол. Няўжо гэта сапраўды было ўчора? Як далёка ўсё адышло, амаль забылася ў шэрым тумане алкаголю... За выпiўкай жыццё было цудоўнае- ты хутка рабiўся цэльным, але памiж вечарам i ранiцай зноў утваралiся прагалы, як быццам мiналi гады.
Я сунуў запiску пад стос кнiжак. Патэлефанаваць? Магчыма... а магчыма, i не. Днём усё выглядала iнакш, чым вечарам. Шчыра кажучы, я жыў спакойна i быў задаволены. Даволi хапiла шуму ў апошнiя гады. "Толькi не падпускаць нiчога блiзка да сэрца, - гаварыў Кёстэр. - Тое, што падпусцiш, захочаш утрымаць. А ўтрымаць нельга нiчога..."
У гэты час у суседнiм пакоi пачаўся ранiшнi вэрхал. Я шукаў капялюш, якi я, вiдаць, учора некуды закiнуў. На хвiлiнку я прыслухаўся. Сварылiся муж з жонкай Хасэ. Яны ўжо пяць гадоў жылi тут у маленькiм пакойчыку.
