Гэта былi нядрэнныя людзi. Калi б яны мелi трохпакаёвую кватэру, з кухняй для гаспадынi, ды каб яшчэ дзiця - магчыма, гэта была б шчаслiвая сям'я. Але кватэра каштавала шмат грошай, а дзiця ў гэтыя ненадзейныя часы - хто яго мог сабе дазволiць! Яны ўвесь час натыкалiся адно на аднаго, жонка стала iстэрычкай, а муж увесь час баяўся страцiць сваё месца. Тады б - капцы. Яму было сорак пяць гадоў. Беспрацоўнага яго ўжо больш нiхто не прыняў бы. У гэтым была бяда. Раней чалавек страчваў пазiцыi паволi, i заўсёды з'яўлялiся новыя магчымасцi, каб падняцца. А сёння за кожным звальненнем - адразу прадонне вечнага беспрацоўя.

Я хацеў цiхенька ўцячы, але ўжо пачуўся стук у дзверы. У пакой увалiўся Хасэ.

Ён плюхнуўся ў крэсла.

- Я больш не вытрываю.

Гэта быў па сутнасцi мяккi чалавек з абвiслымi плячыма i маленькiмi вусiкамi. Сцiплы, старанны служачы. Але якраз такiм было сёння цяжэй за ўсiх. Ды iм, бадай, было заўжды найцяжэй. Сцiпласць i стараннасць ацэньваюцца належным чынам толькi ў раманах. У жыццi iх выкарыстоўваюць, а потым адкiдваюць прэч. Хасэ ўзняў рукi.

- Толькi падумайце, у канторы зноў два звальненнi. Наступны - я, вось убачыце: я! - У гэтым страху ён жыў з пачатку месяца да наступнага. Я налiў яму чарку гарэлкi. Ён тросся ўсiм целам. Некалi ён зламаецца, гэта было вiдавочна. Больш у яго не было пра што гаварыць.

- Ды яшчэ гэтыя заўсёдныя папрокi, - прашаптаў ён. Магчыма, жонка папракнула яго за сваё вартае жалю iснаванне. Ёй было сорак два гады, яна ўжо амаль адцвiла i расплылася, але не выглядала такой зношанай, як муж. Яе прыгнятаў страх недалёкай старасцi.

Нешта раiць не мела сэнсу.

- Слухайце, Хасэ, - сказаў я. - Пасядзiце тут спакойна, колькi вам захочацца. Мне трэба пайсцi. Калi вам больш да густу каньяк, ён - у шафе. Тут - ром. Там ляжаць газеты. А пад вечар пойдзеце куды-небудзь з жонкай з гэтых чатырох сцен. Хоць бы ў кiно. Гэта будзе каштаваць вам столькi ж, колькi дзве гадзiны ў кавярнi, а атрымаеце куды больш! Сёння галоўнае: забыцца! А для гэтага - не разважаць! - Адчуваючы дакоры сумлення, я паляпаў яго па плячы.



17 из 371