
Побач дзверы былi адчынены. Жанчына ўсхлiпвала так гучна, што можна было пачуць знадворку. Я iшоў праз калiдор. Наступныя дзверы былi прачынены. Адтуль падслухвалi. Пахла духамi. Тут жыла Эрна Бёнiг, сакратарка. Выгляд мела занадта элегантны як на сваю зарплату - адзiн раз у тыдзень шэф дыктаваў ёй да ранiцы. Назаўтра ў яе бываў вельмi дрэнны настрой. Затое яна кожны вечар хадзiла на танцы. Каб не было танцаў, не варта было б i жыць, гаварыла яна. У яе былi два сябры. Адзiн кахаў яе i прыносiў кветкi. Другога кахала яна i давала яму грошы.
Побач у пакоi жыў ротмiстр граф Арлоў - расейскi эмiгрант, кельнер, статыст на кiназдымках, платны партнёр у танцах, кавалер з сiвымi скронямi. Ён выдатна iграў на гiтары. Кожны вечар ён малiўся Казанскай Божай Мацi, каб атрымаць пасаду метрдатэля ў якiм-небудзь заняпалым гатэлi. На падпiтку быў плаксiвы. Наступныя дзверы. фраў Бэндэр, медыцынская сястра ў доме малюткi. Узрост - пяцьдзесят гадоў. Муж загiнуў на вайне. У 1918 годзе двое дзетак памерлi ад недаядання. Мае рабую кошку. Больш нiкога.
Яшчэ побач - Мюлер, казначэй-пенсiянер. Сакратар таварыства фiлатэлiстаў. Жывая калекцыя марак, больш нiчога. Шчаслiвы чалавек.
У апошнiя дзверы я пастукаў.
- Як справы, Георгi? - сказаў я. - Нiчога новага?
Георгi Блок пахiтаў галавой. Ён быў студэнт другога курса. Каб закончыць гэтыя чатыры семестры, ён працаваў два гады ў руднiку. Заробленыя грошы скончылiся; iх хопiць яшчэ месяцы на два. На руднiк ён не мог вярнуцца - там цяпер ужо хапала сваiх беспрацоўных. Ён спрабаваў так i сяк дзе-небудзь уладкавацца. Тыдзень ён распаўсюджваў рэкламныя лiсткi маргарынавай фабрыкi. Але фабрыка збанкрутавала. Неўзабаве ён атрымаў месца разносчыка газет i ўздыхнуў быў з палёгкай.
