Праз тры днi яго спынiлi двое ў касках, адабралi газеты, падралi iх i растлумачылi, што гэты занятак не для яго. Няма чаго лезцi. У iх самiх хапае беспрацоўных. I ўсё-такi ён выйшаў наступнай ранiцай, хоць ужо давялося заплацiць за падраныя газеты. Нехта збiў яго роварам. Газеты паляцелi ў гразь. Зноў заплацiў дзве маркi. Ён пайшоў трэцi раз i вярнуўся з разадраным касцюмам i разбiтым тварам. Тады ён здаўся. Зараз у адчаi сядзеў у пакоi i зубрыў як вар'ят, быццам гэта мела нейкi сэнс. Ён еў раз на дзень. Пры гэтым не мела значэння, закончыць ён астатнiя курсы цi не - на працу можна было разлiчваць не раней як праз дзесяць гадоў пасля заканчэння.

Я падаў яму цыгарэты.

- Кiнь ты гэта глупства, Георгi. Як я. Потым пачнеш спачатку.

Ён пахiтаў галавой.

- Я ўжо тады заўважыў, пасля руднiка. Калi не займацца кожны дзень, адразу саб'ешся з тропу. А на другi раз мяне ўжо не хопiць.

Бледны твар i вушы, якiя тырчаць, i блiзарукiя вочы, хударлявая постаць з запалымi грудзьмi... д'ябал забяры ўсё!

- Ну, бывай, Георгi.

Бацькоў у яго не было.

Кухня. На сцяне - галава дзiка. Памяць пра нябожчыка Залеўскi. Тэлефон. Паўзмрок. Пах газу i дрэннага тлушчу. Дзверы з шэрагам таблiчак каля кнопкi званка. I мая мiж iншых. "Роберт Локамп, студэнт фiласофii. Званiць два разы". Яна была брудна-жоўтая. "Студэнт фiласофii"! Гучыць! Шмат вады сцякло. Я спусцiўся па прыступках у кавярню "Iнтэрнацыяналь".

"Iнтэрнацыяналь" - вялiзная, цёмная, задымленая кiшка з мноствам заднiх пакояў. Наперадзе, каля стойкi, стаяў раяль. Ён быў разладжаны, некалькi струн парвалася. Клавiшы таксама былi не ўсе. Але я любiў гэтую бадзёрую музычную скрынку са стажам. Я аддаў ёй год майго жыцця, працуючы тут тапёрам.

У заднiх пакоях жывёлапрамыслоўцы праводзiлi свае сходы. Бывалi тут i вулiчныя артысты. Наперадзе сядзелi прастытуткi.

Шынок быў пусты. Толькi пласкаступы кельнер Алоiс стаяў за стойкай.

- Як заўсёды? - спытаў ён.



19 из 371