Я згодна кiўнуў. Ён прынёс мне партвейн з ромам, палова на палову. Я сеў за столiк i бяздумна ўтаропiўся перад сабой. Шэры прамень сонца коса падаў праз акно на бутэлькi, што стаялi на палiцах. Чэрыбрэндзi гарэў, як рубiн.

Алоiс паласкаў шклянкi. Гаспадарова кошка сядзела на раялi i муркала. Я павольна палiў цыгарэту. Ад душнага паветра цягнула на сон. Дзiўны голас быў учора ў дзяўчыны. Нiзкi, грубаваты, амаль хрыплы i ўсё ж мяккi.

- Дай мне пагартаць некалькi часопiсаў, Алоiс, - сказаў я.

Зарыпелi дзверы. Прыйшла Роза. Роза, прастытутка з могiлак, па мянушцы Жалезны Конь. Яе так ахрысцiлi за нястомнасць. Яна прыйшла выпiць кубачак шакаладу. На яго яна раскашэльвалася тут кожную нядзелю. Потым яна ехала ў Бургдорф да свайго дзiцяцi.

- Прывiтанне, Роберт.

- Прывiтанне, Роза. Як малышка?

- Паглядзiм. Вось - вязу ёй.

Яна дастала з пакунка чырванашчокую ляльку i нацiснула ёй на жывот. "Ма-ма", - праквакала лялька. Роза свяцiлася ўся.

- Казачна! - сказаў я.

- Зiрнi! - Яна нагнула ляльку назад. Ляпнуўшы, заплюшчылiся вочы.

- Нечувана, Роза.

Яна была задаволена i зноў запакавала ляльку.

- Ты ў гэтых справах цямiш, Роберт. З часам будзеш добрым мужам.

- Ну, ну, - сказаў я з сумненнем.

Роза любiла сваё дзiця. Яшчэ тры месяцы назад, пакуль дзiця не хадзiла, яно жыло з ёй у адным пакоi. Нягледзячы на яе занятак, гэта было магчыма дзякуючы маленькай бакоўцы. З'яўляючыся вечарам з кавалерам, яна прасiла яго, прыдумаўшы прычыну, пачакаць на двары, сама хуценька бегла наперад, штурхала дзiцячую каляску ў бакоўку, замыкала дзверы i ўпускала кавалера. Але ў снежнi малую даводзiлася занадта часта перапраўляць з пакоя ў халодную бакоўку. Дзiця прастудзiлася i часта плакала ў прысутнасцi наведнiкаў. Роза мусiла разлучыцца з дачушкай, як нi цяжка гэта ёй далося. Яна здала яе ў дарагi дзiцячы прытулак. Там яна лiчылася паважанай удавой. Iнакш - дзiця не прынялi б.



20 из 371