Роза ўстала.

- Ты прыйдзеш у пятнiцу?

Я кiўнуў.

Яна глянула на мяне.

- Ты ж ведаеш, што здарылася.

- Вядома.

Я не меў нiякага ўяўлення, што здарылася, але ў мяне не было жадання распытваць. Такую звычку я набыў тут за год працы тапёрам. Так было заўжды найлепш. Як i тое, што да ўсiх дзяўчат тут я звяртаўся на "ты".

- Бывай, Роберт.

- Бывай, Роза.

Я нейкi час яшчэ пасядзеў. Але я не адчуваў звыклага дрымотнага спакою. "Iнтэрнацыяналь" у выхадныя днi быў мне ўтульным домам. Я выпiў рому, пагладзiў кошку i пайшоў.

Цэлы дзень я сноўдаўся. Я не ведаў, што мне рабiць. Нiдзе доўга не затрымлiваўся. Пад вечар я пайшоў у майстэрню. Там быў Кёстэр. Ён рамантаваў "кадзiлак". Гэтую старую машыну мы нядаўна купiлi за бясцэнак. Цяпер мы яго як след перабралi. Кёстэр наводзiў апошнi "марафет". Мы спадзявалiся добра зарабiць на ёй. Я сумняваўся, што нам пашанцуе. У такiя цяжкiя часы, як цяпер, людзi купляюць малыя машыны, а не такi аўтобус.

- Мы на iм пагарым, Ота, - сказаў я. Але Кёстэр быў упэўнены.

- Гараць на сярэднiх машынах, Робi, - растлумачыў ён. - Купляюць танныя машыны i вельмi дарагiя. Ёсць яшчэ людзi з грашыма. А ёсць, што выдаюць сябе за багатых.

- Дзе Готфрыд? - спытаў я.

- На нейкiм палiтычным сходзе.

- Вар'яцтва! Што яму там трэба?

Кёстэр засмяяўся.

- Сам не ведае. Магчыма, вясна затлумiла яму галаву. Вось i хочацца нечага свежанькага.

- Магчыма, - сказаў я. - Давай дапамагу.

Мы пракорпалiся, пакуль не сцямнела.

- Хопiць, - сказаў Кёстэр.

Мы ўмылiся.

- Ведаеш, што ў мяне ёсць? - спытаў ён i паляпаў па партманеце.

- Што?

- Бiлеты на бокс вечарам. Два. Пойдзем?

Я вагаўся. Ён здзiўлена паглядзеў на мяне.

- Удзельнiчае Сцiлiнг, - сказаў ён. - Супроць Валькера. Будзе добры бой.

- Вазьмi Готфрыда, - прапанаваў я i сам з сябе пакпiў: чаму не iду? Але не хацелася, не ведаю чаму.



21 из 371