1919 год. Зноў дома. Рэвалюцыя. Голад. На вулiцы бясконцы пошчак кулямётаў. Салдаты супроць салдатаў. Таварышы супроць таварышаў.

1920 год. Путч. Застрэлены Карл Брэгер. Арыштаваныя Кёстэр i Ленц. Мая мацi ў бальнiцы. Рак у апошняй стадыi.

1921...

Я задумаўся. Я нiчога не памятаў. Год проста выпаў. У 1922-м я быў дарожным рабочым у Цюрынгii, у 1923-м загадваў рэкламай на гумавай фабрыцы. Гэта было ў час iнфляцыi. Я зарабляў дзвесце бiльёнаў марак у месяц. Зарплату выдавалi два разы на дзень, i пасля кожнай - паўгадзiны водпуску, каб можна было збегаць у крамы i нешта купiць, пакуль не з'явiўся новы курс даляра. Грошы трацiлi сваю цану ў два разы. А потым? Што было ў наступныя гады? Я паклаў аловак. Якi сэнс прыпамiнаць усё гэта? Я ўжо i не памятаў дакладна. Шмат што пераблыталася. Свой апошнi дзень нараджэння я спраўляў у кавярнi "Iнтэрнацыяналь". Тады я год працаваў тапёрам. Потым я зноў сустрэў Кёстэра i Ленца. А цяпер я сяджу тут у "Аўрама" - аўтарамонтнай майстэрнi Кёстэр i К°. К° - гэта Ленц i я, майстэрня ж належыць аднаму Кёстэру. Калiсьцi ён быў наш аднакашнiк, потым камандзiр роты, потым - лётчык, праз нейкi час - студэнт, затым - гоншчык. Нарэшце ён купiў гэтую будку. Спачатку далучыўся Ленц, якi некалькi гадоў басцяўся па Паўднёвай Амерыцы, потым - я.

Я дастаў з кiшэнi цыгарэту. Шчыра кажучы, я мог быць цалкам задаволены. Жылося мне нядрэнна, была праца i сiлы. Я не хутка стамляўся, быў, як кажуць, здаровы... I ўсё ж лепш было б не думаць вельмi шмат. Асаблiва вечарамi. Час ад часу нешта вярталася з былога i ўзiралася ў цябе мёртвымi вачыма. Але ад гэтага была гарэлка.

Знадворку зарыпелi вароты. Я парваў лiсток з датамi свайго жыцця i кiнуў у кош для папер. Дзверы iмклiва расчынiлiся. На парозе стаяў Готфрыд Ленц, высокi, хударлявы, з белай, як салома, чупрынай i носам, якi прызначаўся некаму iншаму.

- Робi! - зароў ён. - Стары абжора! Устань i падцягнiся! Твае начальнiкi будуць гаварыць з табой!



4 из 371