
- О божа! - Я ўстаў. - А я думаў, вы забудзецеся! Пашкадуйце мяне, хлопцы!
- Бач ты, чаго захацеў! - Готфрыд паклаў на стол скрутак. Там зазвiнела. Услед за iм увайшоў Кёстэр. Ленц стаў перада мной.
- Робi, хто табе ранiцай сустрэўся першы?
Я падумаў.
- Старая кабецiна. Яна танцавала.
- Святы Майсей! Дрэнная прыкмета. Але яна адпавядае твайму гараскопу. Я ўчора склаў. Ты нарадзiўся пад знакам Стральца, ненадзейны, хiсткi, як трыснёг на ветры, на цябе ўздзейнiчаюць нейкiя падазроныя трыгоны Сатурна, а сёлета яшчэ i Юпiтэр. Ота i я, хто замяняе табе бацьку i мацi, перадаём табе штосьцi, каб абараняцца. Вазьмi гэты амулет! Праўнучка iнкаў аднойчы падаравала яго мне. У яе была блакiтная кроў, плоскаступнёвасць, вошы i дар прадбачання. "Беласкуры iншаземец, - сказала яна мне. - Яго насiлi каралi, у iм заключана сiла сонца, месяца i зямлi, не гаворачы пра iншыя малыя планеты. Дай мне за яго срэбны даляр на гарэлку - i насi сабе". Каб ланцужок шчасця не парваўся, я ўручаю яго табе. Ён будзе сцерагчы цябе i прагонiць варожага Юпiтэра.
Ён павесiў мне на шыю маленькую чорную фiгурку на тонкiм ланцужку.
- Вось! Гэта - супроць наслання зверху. А тут - супроць зямных бед: шэсць бутэлек рому ад Ота! Ром у два разы старэйшы за цябе.
Ён разгарнуў скрутак i выставiў бутэлькi на сонца. Яны зазiхацелi, як янтар.
- Цудоўнае вiдовiшча, - сказаў я. - Адкуль яны ў цябе, Ота?
Кёстэр усмiхнуўся.
- Заблытаная справа. Доўга расказваць. Ты лепш скажы, як сябе адчуваеш? На трыццаць?
Я махнуў рукой.
- На шаснаццаць i пяцьдзесят адначасова. Нiчога асаблiвага.
- I ты называеш гэта "нiчога асаблiвага"? - запярэчыў Ленц. - Лепей быць не можа. Ты ж такiм чынам уладна перамог час i жывеш два жыццi.
Кёстэр зiрнуў на мяне.
- Не чапай яго, Готфрыд, - сказаў ён потым. - Днi нараджэння моцна псуюць самаадчуванне. Асаблiва зранку. Ён яшчэ ачомаецца.
