
Ленц заплюшчыў вочы.
- Чым менш чалавек адчувае сябе, тым большая яму цана, Робi. Цi суцяшае гэта цябе хоць крышку?
- Не, - сказаў я. - Анi. Калi чалавек нечага варты, то ў такiм разе ён толькi помнiк самому сабе. А гэта, мне здаецца, цяжка i сумна.
- Яго пацягнула на фiласофiю, Ота, - сказаў Ленц. - Ён - не страчаны. Ён перажыў крызiсны момант. Нялёгкi момант дня нараджэння, калi ўглядаешся самому сабе ў зрэнкi i бачыш, якi ты бедалага. Цяпер можна спакойна брацца за справу i прашмараваць старому "кадзiлаку" вантробы.
Мы працавалi, пакуль не сцямнела. Потым памылiся i пераапранулiся. Ленц прагна зiрнуў на бутэлькi.
- Можа, скруцiм адной шыю?
- Няхай вырашае Робi, - сказаў Кёстэр. - Нядобра, Готфрыд, так нахабна вымагаць з iмянiннiка.
- Яшчэ горш марыць смагай тых, хто павiншаваў, - запярэчыў Ленц i адкаркаваў бутэльку.
Пах рому адразу запоўнiў майстэрню.
- Святы Майсей! - сказаў Готфрыд.
Мы ўсе прынюхалiся.
- Фантастычна, Ота. Трэба быць вялiкiм паэтам, каб знайсцi адпаведныя эпiтэты.
- Пiць у гэтай цёмнай будзе! Шкада пiтва! - вырашыў Ленц. - Ведаеце што? Мы паедзем адсюль, павячэраем, бутэльку возьмем з сабой. Вып'ем яе дзе-небудзь на волi!
- Блiскуча!
Мы адпiхнулi ўбок "кадзiлак", якi рамантавалi паполуднi. За iм стаяла дзiўная рэч на колах. Гэта была гоначная машына Ота Кёстэра, гонар майстэрнi.
Кёстэр у свой час набыў на аўкцыёне амаль задарма гэтую машыну - старую ламачыну з высокiм кузавам. Спецыялiсты, якiя бачылi яе тады, сцвярджалi, што гэта цiкавы экспанат для музея. Больвiз, гаспадар фабрыкi па пашыве жаночых палiто i гоншчык-аматар, параiў Ота перарабiць яе на швейную машынку. Але Кёстэра гэта не кранула. Ён разабраў машыну, як кiшэнны гадзiннiк, i корпаўся ў ёй некалькi месяцаў, бывала, аж да цёмнай ночы. Потым аднойчы ўвечары ён пад'ехаў на ёй да бара, у якiм мы звычайна бавiлi час.
