Больвiз ледзь не ўпаў ад смеху, убачыўшы яе зноў - так смешна яна выглядала. Жартам ён прапанаваў Ота заклад. Ён ставiў дзвесце марак супроць дваццацi, калi Кёстэр пагодзiцца на гонку з яго новым спартовым аўтамабiлем. Адлегласць - дзесяць кiламетраў, i ён дае Ота кiламетр форы. Кёстэр згадзiўся. Усе смяялiся. Чакалася незвычайная забава. Але Ота пайшоў яшчэ далей: ён адмовiўся ад форы i спакойна прапанаваў павысiць стаўку да тысячы марак супроць тысячы. Больвiз расчаравана спытаў, цi не адвезцi яго ў дом вар'ятаў. У адказ Кёстэр завёў матор. Абодва рванулi з месца. Больвiз праз паўгадзiны вярнуўся ў такiм дрэнным настроi, быццам пабачыў марскога змея. Ён моўчкi выпiсаў чэк, а потым - яшчэ адзiн. Ён хацеў адразу ж купiць машыну. Але Кёстэр пасмяяўся з яго. Ён не аддасць яе. Але наколькi бездакорная была машына ўсярэдзiне, настолькi непрыглядны быў яе знешнi выгляд. На кожны дзень мы паставiлi надзвычай старажытны кузаў - лак выцвiў, крылы пакарабацiлiся, верх адслужыў добры дзесятак год. Мы маглi падабраць нешта лепшае, але ў нас былi свае меркаваннi. Аўтамабiль зваўся "Карл". "Карл" - прывiд шашы.

"Карл", сапучы, цягнуўся па шашы.

- Ота, - сказаў я, - з'явiлася ахвяра.

Ззаду нецярплiва сiгналiў "б'юiк". Ён iмклiва даганяў нас. Неўзабаве насы зраўнялiся. Чалавек за рулём зняважлiва паглядзеў на нас. Яго позiрк зверху ўнiз абвёў нашага няўклюднага "Карла". Потым ён адвярнуўся i забыўся пра нас.

Праз некалькi секунд ён нечакана пераканаўся, што Карл усё яшчэ iдзе побач з iм. Ён усеўся крыху ямчэй, весела зiрнуў на нас i прыбавiў газу. Але "Карл" не здаўся. Як тэр'ер побач з догам, ён неадступна трымаўся каля блiскучага лакаматыва з нiкелю i лаку.

Чалавек мацней ухапiўся за руль. Ён яшчэ нi пра што не здагадваўся i кплiва скрывiў губы. Вiдаць было, што ён нам зараз пакажа, на што здольныя яго санi. Ён з такой сiлай цiскануў на газ, што выхлапная труба заспявала, як хор жаўрукоў над летнiм полем. Але - дарма. Ён не адарваўся ад нас. Як зачараваны, агiдны i непрыглядны "Карл" тулiўся да яго. Чалавек здзiўлена вылупiўся на нас. Ён не мог зразумець, як гэта пры хуткасцi звыш ста кiламетраў старая скрынка нiяк не адстае ад яго. Ён з недаверам зiрнуў на спiдометр, цi не сапсаваўся. Потым нацiснуў да канца.



7 из 371