
Машыны iмчалiся ўпоравень па доўгай роўнай шашы. Праз некалькi метраў насустрач з шумам з'явiўся грузавiк. "Б'юiк" павiнен быў адстаць, каб даць дарогi. Як толькi ён параўняўся з "Карлам", паказалася пахавальная машына са стужкамi ад вянкоў, якiя развявалiся. Яму зноў прыйшлося ўступiць. Потым далягляд стаў вольны.
Чалавек за рулём тым часам страцiў увесь свой форс; ён прыгорбiўся злосны, вусны сцiснутыя - яго захапiў азарт гоншчыка, i раптам гонар яго жыцця трапiў у залежнасць ад таго, цi адарвецца ён - любой цаной - ад шчанюка побач.
Мы ж, наадварот, сядзелi з абыякавымi тварамi. "Б'юiка" для нас не iснавала. Кёстэр спакойна глядзеў на дарогу, я, сумуючы, пазiраў на бакi, а Ленц, хоць i сцяты ў камяк, дастаў газету i рабiў выгляд, што яму няма нiчога важнейшага за чытанне.
Праз некалькi хвiлiн Кёстэр падмiргнуў нам. "Карл" неўпрыкмет збавiў хуткасць, i "б'юiк" памалу пачаў вырывацца наперад. Яго шырокiя блiшчастыя крылы прамiльгнулi мiма нас. З выхлапной трубы нам у твар грымнуў сiнi дым. Паступова ён адарваўся ад нас метраў на дваццаць - i тут ужо паказаўся, як мы i чакалi, твар гаспадара ў акне. Усмешка выдавала непрыкрыты трыумф. Ён паверыў, што перамог.
Але чалавек дапусцiў яшчэ адну памылку. Ён не мог стрымацца, каб не паздзекавацца з нас. Ён кiўнуў нам: даганяйце. Ён зрабiў гэта падкрэслена паблажлiва i пераможна.
- Ота! - прамовiў Ленц, напамiнаючы.
Ды напамiну не патрабавалася. У той самы момант "Карл" зрабiў скачок. Кампрэсар засвiстаў. I раптам рука, якая махала, знiкла ў акне - "Карл" прыняў выклiк, ён наблiжаўся. Ён наблiжаўся нястрымна... ён зноў узяў сваё - i цяпер мы ўпершыню ўважлiва паглядзелi на аўтамабiль побач. З нявiннымi тварамi мы запытальна пазiралi на чалавека за рулём. Цiкава было б ведаць, навошта ён нам махаў. Але той сутаргава глядзеў у другi бок, i "Карл" цяпер ужо на поўным газе абыходзiў яго, увесь брудны, з крыламi, што бразгаталi, пераможны замызганы шчанюк.
