
- I вы лiчыце, што ў мяне цяпер такi момант, калi трэба праявiць мужнасць i сказаць - не?
Ён далiкатна дакрануўся да маiх валасоў, потым адвёў руку i задумаўся.
- Вы задалi мне вельмi цяжкае пытанне, - прамовiў ён нарэшце. - Якое ў мяне права, у чалавека, якi ўпершыню вас сустрэў, пра вас нiчога не ведае, нi пра вашу сям'ю, нi пра вашага будучага мужа, якое ў мяне права даваць вам парады? Я магу груба памылiцца... Вырашаць павiнны вы, а не я. Вы адна ведаеце, чаго можна чакаць ад гэтага шлюбу, у вас у адной ёсць факты, каб прадбачыць далейшае... А што магу я? Я магу толькi накiраваць вашу ўвагу на тое, што, на маю думку, i, спадзяюся, на вашу, з'яўляецца самым важным, i запытацца ў вас: "А вы ўпэўнены, што гэта не пашкодзiць вашым лепшым задаткам?"
Тут i я задумалася.
- На жаль - не... Няма ў мяне пэўнасцi. Лепшае, што ў мяне ёсць, гэта надзея, гатоўнасць прынесцi сябе ў ахвяру... У дзяцiнстве я марыла быць святой альбо гераiняй... А цяпер маё жаданне - прысвяцiць сябе чалавеку незвычайнаму i, у меру сiл маiх, памагаць яму ў яго справе, у яго высокiм прызваннi... Вось так... Я вам прызналася ў тым, пра што нiкому яшчэ не гаварыла... Чаму вам? Гэта i для мяне загадка. Ёсць у вас нешта такое, што патрабуе шчырасцi i абуджае давер'е.
- Гэтае нешта - адмаўленне, - растлумачыў ён. - Той, хто для сябе не дамагаецца таго, што людзi называюць "шчасцем", магчыма, здольны палюбiць другiх па-сапраўднаму i праз гэта знайсцi iншую форму шчасця.
I тады, учынак смелы i крыху шалёны, я схапiла яго за рукi i сказала:
- А чаму б вам, Пiтэр Дэн, не ўзяць сваёй часцiны сапраўднага шчасця? Я ж таксама вас амаль не ведаю, аднак, мне здаецца, вы iменна той чалавек, якога я ўвесь час падсвядома шукала.
- Гэта - iлюзiя... У рэальнасцi я зусiм не такi, я вы сабе ўяўляеце. Нiводнай жанчыне я не буду нi мужам, нi каханкам. Я жыву занадта ў сабе. Я не вытрымаю, каб з ранiцы да вечара, з вечара да ранiцы пры мне знаходзiлася жанчына, якая кожную хвiлiну патрабуе ад мяне ўвагi i мае на гэта права.
