
- З чаго вы ўзялi? Пытанне нечаканае, асаблiва ад вас. Так, мая мацi была расейка, бацька - ангелец.
Гэта трапная здагадка мяне проста акрылiла, i я, не саромеючыся, пачала пытацца:
- Вы - халасцяк? Вы нiколi не жанiлiся?
- Не. Бачыце... Вы можаце палiчыць гэта гордасцю... Я захоўваю сябе для чагосьцi большага.
- Для вялiкай любвi?
- Для вялiкай любвi, але не да жанчыны. Я ўвесь час адчуваю, што за мiзэрнымi з'явамi гэтага свету ёсць нешта вельмi значнае, прыгожае, дзеля чаго варта| жыць.
- I гэтае "нешта" вы знаходзiце ў рэлiгiйнай музыцы.
- Так, i ў паэзii... I чытаючы евангелле... Я хацеў бы зрабiць сваё жыццё чыстым. Прабачце, што я гавару пра сябе... такiм прыўзнятым тонам... далёка не брытанскiм... але, мне здаецца, вы разумееце ўсё... i адразу.
Я ўстала, падышла i села каля яго ног. Чаму? Сама не ведаю. Але iначай зрабiць не магла.
- Так, разумею, - прамовiла я. - Адчуваю, як i вы, што нельга трацiць жыццё - наш адзiны неацэнны здабытак - на марныя клопаты, нiкчэмныя сваркi, дробныя заняткi. Я б жадала, каб кожная мая гадзiна была падобна на тую, што я праводжу цяпер каля вас... Аднак я ведаю, што гэтага не будзе... Няма ў мяне сiлы... Паплыву па цячэнню, бо так лягчэй... Зраблюся мiсiс Джэк Д. Паркер, буду гуляць у карты, у гольф, палепшу свае спартыўныя паказчыкi, зiмаваць паеду ў Фларыду, i так год за годам, пакуль не прыстукне смерць... Вы, можа, скажаце, якi жаль!.. Ваша праўда... Але што рабiць?
Я прытулiлася да яго каленяў; у гэты момант я належала яму... душой i целам... Так, душой i целам, бо галоўнае - гэта гатоўнасць.
- Што рабiць? - паўтарыў ён. - Кiраваць сабой. Дапускаць, каб вас несла цячэнне? Вы ж умееце плаваць. Я хачу сказаць: у вас ёсць энергiя i аўтарытэт... Ну так!.. I, мiж iншым, няма патрэбы заўсёды змагацца, каб адолець свой лёс. На працягу чалавечага жыцця бывае толькi некалькi момантаў, калi ўсё вырашаецца, i надоўга. У гэтыя моманты якраз i трэба праявiць мужнасць, сказаўшы - так альбо не.
