
- Увага была б узаемнай.
- Безумоўна, але мне яна не патрэбна.
- Вы адчуваеце, што ў вас хопiць сiлы, каб змагацца.
- Больш дакладна, я адчуваю, што ў мяне хопiць сiлы, каб змагацца ў жыццi разам з усiмi людзьмi добрай волi... працаваць разам з iмi, каб зрабiць свет больш мiрным i шчаслiвейшым... цi хоць паспрабаваць зрабiць яго такiм.
- Можа, было б не так гэта цяжка, каб вам памагала сяброўка. Вядома, яна павiнна верыць у тое, што вас натхняе. Але калi яна вас любiць...
- Гэтага мала. Я ведаў жанчын, якiя, закахаўшыся, як самнамбулы, iшлi за любiмым чалавекам. Потым, прачнуўшыся, з жахам заўважалi, што стаяць над прадоннем i могуць упасцi. I тады ў iх з'яўлялася адзiная мэта: хутчэй спусцiцца ўнiз на роўную дарожку звычайнага жыцця... Мужчына, кахаючы такую жанчыну, спускаўся таксама. Пасля чаго, як гаворыцца, яны засноўвалi сямейны ачаг... Воiн складваў зброю.
- Вы хочаце змагацца адзiн?
Ён далiкатна абняў мяне:
- Мне вельмi балюча выказваць, але гэта праўда... Я хачу змагацца адзiн.
Я ўздыхнула:
- Шкада! Я гатова была дзеля вас адмовiцца ад Джэка.
- Лепш адмовiцца i ад яго i ад мяне.
- Чаму?
- Каб застацца сабой.
Я надзела капялюш перад люстэркам. Пiтэр падаў мне палiто.
- Правiльна, - сказаў ён, - трэба ехаць. Аэрапорт далёка адгэтуль, i лепш, калi мы прыбудзем раней, чым пасажыры аўтобуса.
Ён патушыў у кухнi лямпу i, перад тым як выйсцi, не стрымаўся i па-брацку абняў мяне. Я не супрацiўлялася, мне было прыемна адчуваць яго сiлу i ўладу. Але ён хутка адпусцiў мяне, адчынiў дзверы i выйшаў следам за мной.
На вулiцы нас чакала яго невялiчкая машына, i я села з iм побач, не сказаўшы нi слова.
Iшоў дождж, i вулiцы начнога Лондана танулi ў змроку i смутку. Праз хвiлiну Пiтэр загаварыў. Ён мне апiсаў людзей, што жывуць у гэтых дробных домiках стандартнай будоўлi, iх аднастайны побыт, убогiя радасцi i сцiплыя надзеi. Яго ўяўленне было на дзiва вобразным. Ён мог бы стаць вялiкiм раманiстам.
